“УСЮ ДРЭНЬ — У БЕЛАРУСЬ”

2 верасьня БТ, захлынаючыся аптымізмам, прадэманстравада сюжэт са Шклова. “Родіна первого презідента” рыхтуецца стацца “століцей культуры республікі” на наступны год. Але не яму, не “первому” прысьвечана манумэнтальная экспазыцыя ў мясцовым краязнаўчым музэі. Рэжымныя эстэты выкапалі з гарадзкіх аналаў мала каму вядомую раней, але каларытную постаць. На прыканцы 18-га стагоддзя Кацярына ІІ падарыла Шклоў аднаму са сваіх каханкаў — сэрбскаму афіцэру Зорычу, вядомаму сваімі амурнымі прыгодамі і жульніцтвам. Зорыч куражыўся і ў Шклове, бавіўся ў прыгонны тэатр і дакуражыўся да таго, што тэрмінова вымушаны быў уцякаць за мяжу ў адных кальсонах. Але пра гэта не распавядае нам новая экспазыцыя музэя, дзе ёсьць нават помнік сэрбскаму жуліку. Усё на экспазыцыі “чинно и благородно”. Антыбеларускае акупанцкае мярзоцьце ўжо шэраг гадоў пануе ў музэйнай справе нашай краіны. Мы ўжо пісалі на старонцы pbpf.org аб тым, як у гомельскім абласным музэі ўслаўляюцца расейскія цары і іхныя сатрапы, што душылі беларускі народ: Паскевіч, Румянцаў-Задунайскі. У беларускіх гарадах антынародны рэжым увекавечвае памяць не нацыянальных герояў і геніяў, а акупанцкую расейскую навалач, пра якую нават у Расеі ніхто даўно не згадвае, бо сорамна. Усю сваю брыдоту мабілізавала імпэрыя: эстрадную папсу, камсамолію, выдавецкую макулатуру... Чарга дайшла да старадаўніх прайдзісьветаў, якіх выцягнулі з запыленых закуткоў “велікой русской культуры”.

Янка Базыль