АСАБЛІВАСЬЦІ СТВАРЭНЬНЯ БЕЛАРУСКАЙ ІДЭНТЫФІКАЦЫІ 1

Раздвоенасьць сучаснай беларускай ідэнтыфікацыі

Разважаючы пра сучасны стан беларускага народа, асабліва заўважна тое, што беларускі народ разарваны паміж цывілізаванай Вільняй, ды варварскай Масквой, паміж хрысьціянствам ды атэізмам з Усходу, паміж беларускай мовай ды мовай расейскай, паміж гісторыяй пра Велічную Беларускую Дзяржаву Вялікае Княства Літоўскае ды маскоўскай фальсіфікацыяй гісторыі, згодна якой само існаваньне беларускага народа пачынаецца ў дваццатым стагоддзі, паміж паўсюдна вядомымі савецка-расейскімі героямі Вялікай Айчыннай Вайны, ды нікому невядомымі сапраўднымі беларускімі героямі пад нямецкай акупацыяй, паміж сьвятым бел-чырвона-белым сьцягам ды чырвона-зялёным сьцягам, які ёсьць сымбалем расейскае акупацыі, паміж сьвяткаваньнем угодкаў Аршанскай бітвы ды крыкамі на мітынгу “мы любім Россію”...2

Беларусы маюць сваю дзяржаву, сваю нацыянальную культуру, сваю мову ды сваю зямлю. Гэтых чыньнікаў дастаткова, каб стварыць адзінае беларускае грамадзтва ды адзіную беларускую нацыю, але ж разрыў існаваў раней ды існуе зараз. Мы разарваныя ў сваёй ідэнтыфікацыі як беларусы, мы ў значнай частцы сваёй ня ведаем дакладна хто мы. Менавіта пытаньням стварэньня, захаваньня ды разбудовы беларускай ідэнтыфікацыі і прысьвечаны гэты артыкул.

Улічваючы асаблівасьці гістарычнага разьвіцьця Беларусі мы мусім прызнаць, што большасьць жыхароў Беларусі атрымліваюць з маленства расейска-савецкую ідэнтыфікацыю замест беларускай. Спроба даць ім беларускую нацыянальную ідэнтыфікацыю будзе спробай нацыянальнай асьветы насельніцтва Беларусі з той мэтай, каб жыхары Беларусі засвоілі каштоўнасьці беларускай нацыянальнай самасьвядомасьці.

Стварэньне беларускай нацыянальнай ідэнтыфікацыі

Нацыянальная асьвета будзе мець справу з выразна выяўленай асобай ды з унутраным сьветам гэтае асобы, якая ужо мае засвоеныя каштоўнасьці савецка-расейскай ідэнтыфікацыі. Засвоены саветызаваны і русіфікаваны сьвет ды ягоныя каштоўнасьці ўчэпіста трымаюцца ды могуць актыўна супраціўляцца новым беларускім нацыянальным каштоўнасьцям. Але зьмест папярэдняй савецка-расейскай ідэнтыфікацыі павінны быць заменены на новы зьмест беларускай нацыянальнай асьветы.

Пры гэтым узьнікае праблема адмежаваньня зьместу савецка-расейскай ідэнтыфікацыі ад зьместу нацыянальнай беларускай ідэнтыфікацыі. Калі жыхар Беларусі з самага маленства засвоіў, што ягоная мова — гэта расейская мова згодна савецка-расейскай ідэнтыфікацыі, а беларуская мова ёсьць мовай неадукаваных слаёў насельніцтва, то спатрэбяцца дадатковыя тэарэтычныя канструкцыі ды тлумачэньні для таго, каб ён засвоіў новы зьмест беларускай нацыянальнай асьветы, дзе галоўная ды адзіная матчына мова — гэта беларуская мова. Жыхар Беларусі зможа тады інтэграваць ў свой унутраны сьвет галоўную каштоўнасьць беларускай нацыянальнай ідэнтыфікацыі — беларускую мову.

Беларуская Дзяржава можа выдаць закон, згодна якому кожны, хто жадае быць служачым беларускай дзяржавы, павінны здаць іспыт па беларускай мове, выкладаньне ў беларускіх школах пераводзіцца толькі на нацыянальную мову. Такія ўмовы, замацаваныя інстытуцыянальна, змогуць падвысіць прэстыж адпаведнай дзейнасьці, ды прэстыж новай каштоўнасьці — беларускай мовы, дапамогуць парыраваць іншым чынам скіраваныя ідэалягічныя інтарэсы старой расейска-савецкай ідэнтыфікацыі.

Нацыянальная асьвета патрабуе пачуцьцёвага кантакту са значнымі асобамі новай беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці, ставячы задачу радыкальна перавярнуць увесь папярэдні сьвет індывіда ў працэсе засваеньня новай беларускай ідэнтыфікацыі. Менавіта тады ў працэсе рэсацыялізацыі становяцца патрэбнымі сталыя пачуцьцёвыя адносіны з беларускімі нацыянальнымі аўтарытэтамі.

Прадстаўленьні ды каштоўнасьці савецка-расейскай ідэнтыфікацыі ў сьвядомасьці значнай часткі беларусаў маюць свой рэалістычны акцэнт аўтаматычна, таму што сьвет бацькоў ёсьць ультыматыўным, ды немагчыма пазьбегнуць першаснай сацыялізацыі. Суб'ектыўнае адчуваньне рэальнасьці зьместу новай беларускай ідэнтыфікацыі значна больш хісткае. Прадстаўленьні ды каштоўнасьці беларускай нацыянальнай ідэнтыфікацыі павінны быць укарэненыя ды загартаваныя пры дапамозе асаблівых пэдагагічных прыёмаў. Нацыянальныя аўтарытэты павінны прадставіць новую беларускую нацыянальную культурную рэальнасьць праўдзівай ды вартай даверу, важнай ды неабходнай для беларуса.

Сацыялізацыя заўсёды мае большы посьпех, калі базуецца на зьмесьце папярэдняй сацыялізацыі. Гэта азначае, што спробы прамаскоўскага рэжыма пабудаваць сваю постсавецкую ідэнтыфікацыю з прарасейскім акцэнтам могуць быць больш пасьпяховымі, таму што рэжымны постсавецкі зьмест будзе лягічна вынікаць з папярэдняга савецкага. Таму пры стварэньні беларускай нацыянальнай ідэнтыфікацыі шляхам радыкальнага зьнішчэньня савецкай ідэнтыфікацыі, спатрэбяцца дадатковыя прыёмы па ўкараненьню ды загартаваньню новай беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці ва ўнутраным сьвеце беларуса.

Сацыялізацыя пры засваеньні зьместу нацыянальнай асьветы ёсьць у пэўнай ступені рэвалюцыйным радыкальным працэсам i напоўнена пачуцьцямі. Нацыянальныя аўтарытэты павінны ў вялікай ступені ідэнтыфікаваць сябе з тымі ведамі нацыянальнай асьветы, якія павінны засвоіць жыхары Беларусі. Яны павінны быць мэтадычна падрыхтаваныя да таго, каб бараніць новую беларускую нацыянальную культурную рэальнасьць сярод беларусаў ад зьнешніх ды ўнутраных небясьпекаў. Прыкладам можа служыць унутрыарганізацыйная падрыхтоўка служыцеляў розных рэлігіяў.

У працэсе нацыянальнай асьветы служыцелі бяруць на сябе ролю значных асобаў першаснай сацыялізацыі. На мейсца маці, якая выхоўвала савецка-расейскую ідэнтыфікацыю, становіцца кіраўнік фронтаўскай суполкі, культурніцкай арганізацыі, альбо рыцарскага гуртка, якія праз нацыянальную асьвету выхоўваюць беларускую нацыянальную ідэнтыфікацыю. Пры гэтым беларус поўнасьцю аддаецца змаганьню ды веры ў стварэньне новай беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці усім, што суб'ектыўна складае для яго жыцьцё. Гатовасьць ахвяраваць сваім жыцьцём ёсьць максымальным вынікам падобнай сацыялізацыі.

У працэсе стварэньня беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці магчыма ўзьнікненьне канкурэнцыі паміж служыцелямі розных рэальнасьць утвараючых інстытутаў. Напрыклад, канкурэнцыя паміж дзяржаўнымі ідэалягічнымі службамі прамаскоўскага рэжыма па стварэньню постсавецкай ідэнтыфікацыі, ды служыцелямі Фронта па стварэньню беларускай нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Пры правядзеньні трэнінга для беларусаў можа узьнікнуць сытуацыя, калі спатрэбіцца сацыялізацыя супраць грамадзтва ды супраць існуючай рэальнасьці, супраць існуючых шляхоў легітымацыі савецка-расейскай ідэнтыфікацыі. У рамках трэнінгу можа спатрэбіцца непасрэдны кантакт асабліва пэрспэктыўных беларусаў з беларускімі нацыянальнымі аўтарытэтамі для іх мэтадычнага загартаваньня супраць існуючай савецка-расейскай рэальнасьці.

Ад розных узроўняў беларускіх служыцеляў патрабуецца розная ступень адданасьці справе стварэньня новай беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці. Ад нацыянальнага палітыка альбо ад кіраўніка культурніцкай суполкі патрабуецца большая ступень віртуознасьці, чым ад звычайнага наведвальніка курсаў беларускай мовы. Нацыянальныя аўтарытэты пры гэтым, могуць быць сталага узросту, каб перадаць свае веды ды свой вопыт моладзі. Для засвоенай беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці будзе заўсёды існаваць небясьпека. Беларускае грамадзтва, калі яно хоча выжыць, павінна прапаноўваць мажлівасьці для сталага захаваньня суб'ектыўнай беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці.

Засваеньне новай беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці будзе пасьпяховым тады, калі чалавек як мінімум адчувае непазьбежнасьць новай рэальнасьці, ды вымушаны жыць у ёй. Новая беларуская нацыянальнай культурная рэальнасьць ды засвоены праз нацыянальную асьвету зьмест будуць мець у пэўнай ступені штучны характар. Яны могуць лёгка разбурыцца ў дачыненьнях са старой савецка-расейскай рэальнасьцю. Гэта нават не таму, што новая засвоеная беларуская нацыянальная культурная рэальнасьць мае меншую ступень вагі ў параўнаньні са старой савецка-расейскай рэальнасьцю, але таму, што новая беларуская нацыянальна-культурная рэальнасьць не так глыбока ўкарэнена ў сьвядомасьці, ды яе значна лягчэй вырваць са сьвядомасьці.

Для савецка-расейскай рэальнасьці звычайным ёсьць карыстаньне расейскай мовай у штодзённым жыцьці. У рамках нацыянальнай асьветы адбываецца напад на гэтую звычку, ды ставіцца патрабаваньне — карыстацца ў штодзённым жыцьці беларускай мовай. Напад на звычку карыстаньня расейскай мовай у жыцьці павінны быць вельмі моцным, таму што патрэбнае істотнае зьмяньне рэальнасьці, а менавіта, пераход на абсалютна новую рутыну — карыстаньне беларускай мовай у жыцьці.

Патрабуецца не проста карыстаньне беларускай мовай у школе альбо пры праглядзе беларускага тэлебачаньня, але каб карыстаньне беларускай мовай на працы, на вуліцы, са знаёмымі, пры праглядзе газэтаў, альбо пры абмеркаваньні футбола ці парфумы стала, як бы само сабой разумеецца. Пераход на беларускую мову будзе фактычна азначаць рэвалюцыю ў сьвядомасьці чалавека. Падобны пераход будзе суб'ектыўна адчувацца пасьля пэрыяду жорсткага ўнутранага супраціву як ператварэньне.

Сацыялізацыя праз нацыянальную асьвету можа быць важнай для фармаваньня паводзінаў чалавека ў пагранічных сытуацыях жыцьця ды сьмерці для засваеньня, напрыклад, прадстаўленьня “памерці як сапраўдны беларус”. У гэтым выпадку суправаджаючыя ўмовы сацыялізацыі павінны прадугледжваць загартваньне ды асаблівую інтэнсіўнасьць нацыянальнай асьветы. Новая беларуская нацыянальная культурная рэальнасьць засвойваецца ды пазьней захоўваецца пры дапамозе грамадзкіх працэсаў.

Захаваньне беларускай нацыянальнай ідэнтыфікацыі

Для стабілізацыі новай беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці істотную ролю граюць ня толькі нацыянальныя аўтарытэты, але і проста іншыя людзі, якія акружаюць чалавека ў ягоным жыцьці. Нельга лічыць толькі нацыянальных аўтарытэтаў адказнымі за існаваньне ды стабільнасьць беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці. Менавіта таму проста іншыя людзі, якія ствараюць гаспадарку рэальнасьці, граюць важную ролю ў захаваньні ды падтрымцы гэтай рэальнасьці. Яны маюць магчымасьць ўпэўніць чалавека, што ён ёсьць сапраўдным беларусам.

Значныя асобы у жыцьці чалавека ёсьць камандай у барацьбе за беларускую нацыянальную культурную рэальнасьць. Сям'я, дзеці, сябры, знаёмыя, калегі ёсьць хорам па падтрымцы ягонай суб'ектыўнай беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці. Іхныя галасы могуць гучэць унісонам, калі не супярэчаць адзін аднаму. Але ж яны могуць ператварыцца ў незразумелую какафонію, калі пачнуць супярэчыць адзін аднаму. Такім чынам праводзіцца праверка стабільнасьці новай беларускай ідэнтыфікацыі. Тады беларус мусіць зьмяніць свае сувязі ды кантакты, якія адказваюць за захаваньне новай беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці, ды, магчыма, адмовіцца ад пэўных кантактаў, якія ёсьць небясьпечнымі для беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці. Ён можа пазбавіць некаторых са значных асобаў ягонага акружэньня іхняга аўтарытэту, ды зьвярнуцца да сапраўдных гарантаў ягонай беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці.

Хор, значныя асобы, нацыянальныя аўтарытэты знаходзяцца ў сталай супрацы паміж сабой у працэсе захаваньня новай беларускай ідэнтыфікацыі ў сьвядомасьці беларуса. Жонка, якая пазітыўна адносіцца да беларускасьці свайго мужа, зможа зрабіць уражаньне, напрыклад, на расейскамоўных сяброў альбо партнэраў-бізнэсоўцаў свайго мужа для таго, каб яны пацьвердзілі яго новую беларускую ідэнтыфікацыю. У сваю чаргу падтрымка з боку нацыянальных аўтарытэтаў можа паўплываць на расейскамоўную жонку ды дзяцей, каб тыя пацьвердзілі беларускую ідэнтыфікацыю мужа.

Ролі ды суадносіны значных асобаў ды хора асабліва добра бачныя на прыкладзе магчымага адмаўленьня беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці. Значныя асобы маюць большую вагу ў праве пацьвердзіць суб'ектыўную беларускую нацыянальную культурную рэальнасьць, чым выпадковыя кантакты альбо знаёмствы. Калі, прыкладам, жонка аспрэчвае беларускасьць мужа, то гэта важыць значна болей, чым выпадак, калі некалькі знаёмых адмаўляюць ягоную беларускасьць.

Абсалютна неабходным інструмэнтам захаваньня беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці ёсьць камунікацыя. Фактычна, увесь працэс стварэньня, захаваньня ды зьмяненьня беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці — гэта бесперапынная праца камунікацыйнай машыны. Асноўным інструмэнтам камунікацыі ёсьць мова. Галоўным інструмэнтам стварэньня, захаваньня ды зьмяненьня беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці ёсьць беларуская мова. Камунікацыйная машына працуе ў беларускай рэальнасьці, даючы кожнаму прадмету сваё мейсца. Беларуская мова стварае парадак у беларускім сьвеце.

Размова — гэта фактычна актуалізацыя беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці праз беларускую мову. Праз яе аб'екты беларускай мовы робяцца аб'ектамі індывідуальнай беларускай сьвядомасьці чалавека. Фундамэнтальнай патрэбай пры гэтым ёсьць доўгатэрміновае карыстаньне беларускай мовай для аб'ектывацыі навакольнага сьвету ў сьвядомасьці чалавека. Фактычна ўсе, хто размаўляе на беларускай мове ёсьць агентамі захаваньня беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці адзін для аднаго.

Беларуская нацыя разумее, стварае, мадыфікуе сваю нацыянальную культурную рэальнасьць праз мову нацыі — беларускую мову. Гэта азначае для індывіда шматразовы зварот да беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці праз далучэньне да іншых, якія маюць тую ж самую беларускую моўную ды культурную нацыянальную традыцыю.

Для захаваньня суб'ектыўнай беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці індывіда непарушнай павінна без перапынку працаваць камунікацыйная машына. Спыненьне кантактаў ды камунікацыі прадстаўляе небясьпеку для суб'ектыўнай беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці. У пэўнах выпадках камунікацыя можа весьціся пісьмова. Калі камунікацыя вядзецца рэдка, то недахоп камунікацыі можа быць кампэнсаваны інтэнсіўнасьцю.

Суб'ектыўная беларуская нацыянальная культурная рэальнасьць заўсёды прывязана да грамадзкіх працэсаў ды пераканаўчых структураў, якія неабходныя для яе існаваньня. Пацьверджаньне для сваёй беларускай ідэнтыфікацыі чалавек можа атрымаць толькі ад такіх жа беларусаў. Спыненьне размоваў са значнымі асобамі, якія захоўваюць суб'ектыўную беларускую нацыянальную культурную рэальнасьць, ёсьць небясьпекай для гэтай рэальнасьці. Падобныя (беларускую культурную рэальнасьць зьберагаючыя) размовы могуць быць замененыя пісьмовай карэспандэнцыяй. Але рэальнасьць і ўтвараючая сіла пісьмовай карэспандэнцыі ёсьць значна меншай, чым сіла размовы віз-а-ві.

Беларус, які доўгі час жыве адарваным ад сваёй беларускамоўнай супольнасьці, ды сярод расейскамоўных, будзе, натуральна, доўгі час памятаць ды самаідэнтыфікаваць сябе як беларус, але ж адчуваньне рэальнасьці гэтага будзе з часам губляцца, калі ён не мае магчымасьці ўзнавіць сваю беларускую нацыянальную культурную рэальнасьць праз размовы зь беларусамі. Ён, канешне, будзе мець магчымасьць успамінаць пра рэальнасьць свайго беларускага мінулага, але ж асьвяжыць гэтую беларускую нацыянальную культурную сутнасьць ён зможа толькі з тымі, для каго гэтая рэальная сутнсьць такая ж важная.

У сьвядомасьці беларуса павінна быць укарэнена пераканаўчая структура, якая будзе адмаўляць любыя сумнівы датычна засвоенай беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці. Улучна з падобнай пераканаўчай структурай засвойваюцца веды пра санкцыі з боку грамадзтва супраць сумніваў у рэалістычнасьці беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці. Пакуль структура дзейнічае, беларус будзе крытычна ды насьмешліва адносіцца да любой інфармацыі, якая прадстаўляе небясьпеку для засвоенай беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці. Такім чынам ён жыве ў сваім добра санкцыянаваным сьвеце. Гэта пэўны від аўтатэрапіі, альбо ўнутранага цэнзара. Сытуацыя становіцца небясьпечнай, калі чалавек губляе доступ да беларускай пераканаўчай структуры, ці нават яе грамадзкай матрыцы. Калі падобнае адбываецца, то крытычнасьць ды насьмешлівасьць зьмяняюцца задумленьнем ды занепакоенасьцю — беларуская нацыянальнай культурная рэальнасьць бурыцца.

У сучаснай савецка-расейскай сьвядомасьці ўкарэненыя якраз установачная структура ды санкцыі супраць беларускай нацыянальнай асьветы. Пакуль гэтая установачная структура жыве, чалавек будзе абразьліва ды насьмешліва адносіцца да спробаў беларускай нацыянальнай асьветы. Калі ж доступ з-за зьменаў у грамадзтве да савецка-расейскай структуры будзе спынены, чалавек пачне ўспрымаць беларускую нацыянальную культурную рэальнасьць, ды засвойваць беларускую нацыянальную ідэнтыфікацыю.

У сваю чаргу беларускае грамадзтва павінна мець свае інструмэнты для захаваньня ды абароны беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці. Для абыходжаньня з расейска-савецкімі чужакамі ды абароны ад небясьпекі, якую яны ўяўляюць, кожнаму беларусу патрэбнае ачышчэньне. Пад ачышчэньнем разумеецца нігіляцыя ў сьвядомасьці беларуса альтэрнатыўнага савецка-расейскага варыянту рэальнасьці, які той атрымаў ад чужакоў. Цьвёрдасьць і катэгарычнасьць мерапрыемстваў у адказ залежыць ад памеру небясьпекі. Калі адбываюцца вельмі частыя кантакты з савецка-расейскай рэальнасьцю, то абаронныя мерапрыемствы ператвараюцца з крызісных у рутынныя.

“Ператварэньне”, рэсацыялізацыя — адраджэньне беларуса

Суб'ектыўную рэальнасьць індывіда можна зьмяніць. Яна можа трансфармавацца. Зьмена савецка-расейскай рэальнасьці на беларускую нацыянальную культурную рэальнасьць прадстаўляе сабой выпадак трансфармацыі, у працэсе якой чалавек мяняе адзін унутраны сьвет на другі. Назавем жа падобную трансфармацыю “ператварэньнем”, рэсацыялізацыяй — беларускім адраджэньнем.

Ператварэньнем звычайна называецца сацыялізацыя, якая ставіць радыкальна новыя акцэнты ў рэальнасьці. Для пасьпяховасьці ператварэньня беларус павінны пачуццёва ідэнтыфікаваць сябе са служыцелямі беларускай нацыянальнай асьветы. У працэсе ператварэньня павінны быць зьнішчаныя, альбо радыкальна трансфармаваныя структуры ранейшай савецка-расейскай рэальнасьці.

Найважнейшай умовай для пасьпяховасьці ператварэньня ёсьць наяўнасьць пераканаўчай структуры, такой лабараторыі ў грамадзтве, дзе будзе адбывацца трансфармацыя. Такую пераканаўчую структуру беларус павінны атрымаць ад нацыянальных аўтарытэтаў ды значных асобаў. Беларус у працэсе ператварэньня павінен сябе цалкам ідэнтыфікаваць з нацыянальнымі аўтарытэтамі ды значнымі асобамі. Без гэтакай ідэнтыфікацыі не адбудзецца радыкальнай трансфармацыі, ды стварэньня новай ідэнтыфікацыі.

Адчуваньне пачуцьцёвай залежнасьці ад значных асобаў, як гэта было ў першыя гады жыцьця, павінна быць паўторана. Пачуцьцёвая прывязанасьць да нацыянальных аўтарытэтаў, падобная да пачуцьцёвай прывязанасьці да маці, павінна паўтарыцца яшчэ раз, каб дасягнуць максымальнай глыбіні ператварэньня. Нацыянальныя аўтарытэты становяцца праваднікамі ў новай беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці. У непасрэдным кантакце з чалавекам нацыянальныя аўтарытэты рэпрэзэнтуюць новую пераканаўчую структуру, ды перадаюць асобе новы беларускі сьвет. На гэты сьвет ськіравана ўся ўвага асобы. У грамадзтве гэта адбываецца праз ськіраваньне ўсіх значных кантактаў асобы толькі на новую групу беларусаў, якая ўвасабляе пераканаўчую структуру. Асабліва канцэнтраваная ўвага надаецца служыцелям нацыянальнай асьветы, якія ажыцьцяўляе ператварэньне.

Ператварэньне складаецца з вызнаньня сябе беларусам ды далучэньня да беларускай супольнасьці. Пры гэтым вызнаньне сябе беларусам можа адбыцца ў адзіноце разважаньняў пра свой лёс ды лёс нацыі, ды толькі пасьля гэтага чалавек далучыцца да беларускай супольнасьці. Альбо чалавек спачатку далучыцца да беларускай супольнасьці, ды пасьля гэтага супольнасьць падштурхне яго да вызнаньня сябе беларусам. Адно толькі вызнаньне сябе беларусам значыць яшчэ ня шмат. Толькі ў кантакце зь беларускай супольнасьцю чалавек атрымае патрэбную пераканаўчую структуру для новай беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці. Вызнаць сябе беларусам ён можа ў поўнай адзіноце, але ж застацца беларусам ён зможа толькі ў кантакце зь беларускай супольнасьцю, якая прызнае яго беларусам ды пацьвердзіць ягоную новую ідэнтыфікацыю.

Новая пераканаўчая структура беларускага нацыяналізму павінна стаць сьветам чалавека, новай беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьцю, якая выгняце ўсе астатнія рэальнасьці, ды асабліва тую, у якой ён жыў да вызнаньня сябе беларусам. Спатрэбіцца адмежаваньне ад жыхароў савецка-расейскай рэальнасьці, якую ён пакінуў. У лепшым выпадку адмежаваньне адбудзецца толькі фізічна. Калі ж гэта немагчыма, то спатрэбіцца тэарэтычнае адмежаваньне ад іх ў сьвядомасьці праз дэфініцыю, якая дапаможа нігіляваць жыхароў савецка-расейскай рэальнасьці.

Чалавек фактычна выходзіць з супольнасьці саветызаваных (нацыянальна нявызначаных) ды з пераканаўчай структуры, якая гэтую супольнасьць падтрымлівае. Адмежаваньне павінна адбыцца фізічна, але як мінімум духоўна. Такое адмежаваньне патрэбнае асабліва на пачатку для нэафітаў. Пазьней, калі новая беларуская нацыянальная культурная рэальнасьць высьпела, магчыма ўзнаўленьне кантактаў з простымі жыхарамі савецка-расейскай рэальнасьці, але ж кантакты са значнымі асобамі гэтай рэальнасьці ўяўляюць і надалей небясьпеку для новай суб'ектыўнай беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці. Яны менавіта тыя, хто скажа: “Дзіма, гаварі на нармальном йізыке!” Могуць нават здарыцца такія сытуацыі, калі былая рэальнасьць будзе спакушаць вярнуцца назад у стары савецка-расейскі сьвет.

Камунікатыўная машына мусіць быць заменена. Беларус мусіць памяняць суразмоўцаў. У размове з нацыянальнымі аўтарытэтамі фармуецца новая суб'ектыўная беларуская нацыянальна-культурная рэальнасьць. Праз размовы ў беларускай супольнасьці новая беларуская нацыянальная-культурная рэальнасьць загартоўваецца. Беларус мусіць уважліва сачыць за тым, зь кім ён размаўляе, ды адмаўляцца ад кантактаў, людзей ды ідэяў, якія шкодзяць новай беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці. Гэтае адмаўленьне ня можа быць поўным, таму новая пераканаўчая структура ды новая беларуская супольнасьць мусяць прадаставіць тэрапеўтычныя сродкі для абароны новай суб'ектыўнай беларускай нацыянальна-культурнай рэальнасьці нэафіта. Гэтыя сродкі апісаныя вышэй.

Патрэбна абгрунтаваньне легітымнасьці ўсяго працэсу трансфармацыі. Нэафіт мусіць атрымаць ад нацыянальных аўтарытэтаў абгрунтаваньне легітымнасьці не толькі новай беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці, але ж і працэсу засваеньня ды захаваньня новай культурнай рэальнасьці, адмовы ці значнай перабудовы старой савецка-расейскай рэальнасьці. Асаблівую вагу набывае пра гэтым нігіляцыйны бок у адносінах да старой рэальнасьці для яе пасьпяховага разбурэньня. Старая савецка-расейская супольнасьць ды яе значныя асобы атрымоўваюць пад уплывам новага легітымацыйнага працэсу зусім новы, значна ніжэйшы статус.

Пры гэтым ў сьвядомасьці беларуса мусіць зьявіцца пераломны пункт — момант ператварэньня ды вызнаньня сябе беларусам. Ўсё жыцьцё да гэтага пункту ён тады мусіць разглядаць, як бы яно падводзіла яго да пікавага моманту, калі ён стаў беларусам. Жыцьцё, якое ідзе пасьля гэтага пераломнага пункту, разглядаецца, як жыцьцё ў новай лепшай беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці. Пры гэтым адбываецца пераасэнсаваньне ўсяго жыцьця да ператварэньня. Гэта жыцьцё нігілюецца ды атрымоўвае нэгатыўную ацэнку: “Раней, калі я быў расейскамоўным саўком...” “Калі я яшчэ размаўляў на акупацыйнай расейскай мове...” Такім чынам пераломны момант ператварэньня набывае ў сьвядомасьці ролю мяжы паміж цемрай ды сьвятлом.

Натуральна, што беларусу самым лепшым варыянтам было б поўнасьцю забыць савецка-расейскую рэальнасьць. Але гэта вельмі цяжка зрабіць. Таму пасьля ператварэньня становіцца патрэбнай радыкальна новая інтэрпрэтацыя жыцьця да ператварэньня, значных асобаў ды жыцьцёвых падзеяў. Беларусу будзе прасьцей зрабіць новую інтэрпрэтацыю ды сфабрыкаваць уяўленьні пра былую савецка-расейскую рэальнасьць з пазіцыяў новай беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці. Галоўнае, ён застанецца пры гэтым абсалютна шчырым, калі будзе выказваць сваю ацэнку былога жыцьця з пазіцыяў новай беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці, у якой ён жыве.

Такім чынам можна скласьці дапаможнік для пасьпяховага ператварэньня ў беларуса. Спачатку спатрэбіцца пераканаўчая структура, якая будзе аддзеленай ад савецка-расейскай рэальнасьці, ды якая будзе мець неабходных служыцеляў для сацыялізацыі ды тэрапіі. Да гэтага павінны далучыцца веды з боку нацыянальнай асьветы пра беларускую ідэнтыфікацыю, беларускія каштоўнасьці ды беларускія мэты з дастаткова аптымістычным абгрунтаваньнем таго, што толькі дзякуючы беларускаму нацыяналізму ды нацыянальным каштоўнасьцям беларуская нацыя ды кожны індывідуум паасобку змогуць дасягнуць дагэтуль недасягальных высотаў у матар'яльным ды духоўным развіцьці. Посьпех не прымусіць сябе доўга чакаць.

Апісаны шлях радыкальнай зьмены ўнутранай рэальнасьці праз ператварэньне называецца рэсацыялізацыяй ды адрозьніваецца тым, што фактычна абрывае ды перапісвае жыцьцёвы шлях беларуса нанава замест таго, каб паспрабаваць яго мадыфікаваць. Фактычна, гордзіеў вузел у выпадку з рэсацыялізацыяй разрубаецца праз тое, што пошук сувязяў паміж старой ды новай рэальнасьцямі спыняецца, рэальнасьць ствараецца нанава. Рэсацыялізацыя павінна суправаджацца адчуваньнем, што зварот да былой савецка-расейскай рэальнасьці будзе немагчымым. Рэсацыялізацыя адбываецца на грунце сучаснасьці.

Праблема ідэнтыфікацыйнага плюралізму

Сьвет сярэднявечча просты. Селянін ёсьць проста селянінам, а рыцар ёсьць проста рыцарам. Сьвядомасьць селяніна сярэднявечча практычна не ставіць селяніну пытаньне: “Хто ты?” У сьвядомасьці асобы адсутнічае шыхтаваньне. Сучасны сьвет жыхара Беларусі вельмі дыферэнцаваны ды мае дыферэнцаваныя веды пра сябе. У сьвядомасьці сучаснага жыхара Беларусі могуць ужывацца некалькі ідэнтыфікацыяў. Расейскамоўны беларус мае дзьве ідэнтыфікацыі. З аднаго боку ён мае павярхоўную беларускую ідэнтыфікацыю. Яе ён атрымоўвае праз саманазоў сябе беларусам. З другога боку ём мае вялізны шыхт пад паверхняй у сваёй сьвядомасьці, які ўлучна з расейскай мовай трапляе пад дэфініцыю расейска-савецкай ідэнтыфікацыі. Гэтыя дзьве кантрастныя ідэнтыфікацыі непазьбежна канфліктуюць паміж сабой, выклікаюць пачуцьцё раздвоенасьці ды пытаньне да ўладльніка ідэнтыфікацыі: “Хто я ёсьць?” “Ці ёсьць я беларусам?”

Дыферэнцыяцыя ведаў пра сьвет у грамадзтве можа зайсьці настолькі далёка, што значныя асобы ды служыцелі сацыялізацыі пачынаюць перадаваць розныя аб'ектыўныя рэальнасьці. Аўтарытэтныя асобы у выпадку іхнай замешанасьці ў ідэнтыфікацыйныя супярэчаньні беларускага грамадзтва могуць перадаваць сапраўды супрацьлеглыя зьместы беларускай альбо расейска-савецкай ідэнтыфікацыяў. Школа можа даваць зьмест савецка-расейскай ідэнтыфікацыі ўлучна з расейскай мовай, а маці ці бабуля могуць даваць беларускую ідэнтыфікацыю скоранага беларускага народа ўлучна зь беларускай мовай. Такім чынам яны будуць нават размаўляць на розных мовах ды перадаваць розныя каштоўнасьці. Калі ў грамадзтве існуе пэўная канкурэнцыя паміж рознымі вэрсіямі ідэнтыфікацыі, то для жыхара падобнага грамадзтва ўзьнікае магчымасьць адхіленьня ад беларускай ідэнтыфікацыі. Чалавек можа выбраць пад шкодным палітычным уплывам замест беларускай савецка-расейскую ідэнтыфікацыю.

Беларускае грамадзтва павінна мець добра распрацаваныя мэтады, каб трымаць такія адхіленьні пад кантролем. Гэтакая сытуацыя робіцца сапраўднай праблемай па той прычыне, што паміж савецка-расейскай ідэнтыфікацыяй ды беларускай нацыянальнай культурнай ідэнтыфікацыяй існуюць фундамэнтальныя канфлікты ў вызначэньні рэальнасьці.

Грамадзтва ў працэссе першаснай сацыялізацыі беларуса знаёміць яго з супрацьлеглымі рэальнасьцямі. Савецка-расейскую ён атрымоўвае ў школе, а беларускую ад маці. Такі беларус атрымоўвае дзьве супрацьлеглыя ідэнтыфікацыі. Ён мае магчымасьць стаць беларусам, альбо расейска-савецкім жыхаром Беларусі. Каб вырашыць такую канфліктную дылему ён мае магчымасьць разьвіць публічна расейска-савецкую ідэнтыфікацыю ды схавана беларускую. Для грамадзкасьці ды на працы ён будзе паводзіць сябе як сапраўдны савецка-расейскі жыхар Беларусі. Таемна ж ён будзе марыць ды рыхтавацца да нацыянальна-вызвольнай барацьбы на карысьць ягонай патаемнай беларускай ідэнтыфікацыі. Падобны кантраст паміж дзьвума ідэнтыфікацыямі ёсьць крыніцай унутраных супярэчаньняў ды пачуцьця віны. Такая сытуацыя стане прычынай эмацыйных крызісаў.

Калі гэты беларус у наступным жыцьці будзе пераходзіць ад адной ідэнтыфікацыі да другой, ён будзе стала адчуваць пачуцьцё віны, ўнутранага канфлікту, ды адчуваць сябе здраднікам. Калі ён будзе размаўляць па-расейску, ён будзе адчуваць, што здрадзіў сваёй беларускай ідэнтыфікацыі. Калі ён будзе размаўляць па-беларуску, ён будзе адчуваць, што здрадзіў рэальнасьці сваіх школьных сяброў ды калегаў па працы. Рэсацыялізацыя-ператварэньне на падставе беларускай ідэнтыфікацыі ды беларускіх каштоўнасьцяў ёсьць самым эфектыўным шляхам для зьнішчэньня такога становішча дваістасьці.

Фэнамен вольнага выбару для пэўнага беларуса паміж рознымі ідэнтыфікацыямі вынікае менавіта зь няўдалай сацыялізацыі, з-за таго, што ў рамках сацыялізацыі індывід атрымаў дзьве ідэнтыфікацыі — савецка-расейскую ды беларускую ды можа вольна вандраваць паміж гэтымі рэальнасьцямі. Гледзячы на вандроўкі падобных індывідаў паміж дзьвума ідэнтыфікацыямі іншы беларус можа сказаць: “Калі ім можна, то чаму мне нельга?” Такім чынам фэнамен індывідуалізму з аднаго боку стане вельмі распаўсюджаным, а з другога боку пашырыць колькасьць людзей без пэўнай беларускай ідэнтыфікацыі, вандроўнікаў паміж ідэнтыфікацыямі.

У жыхара Беларусі, які мае з аднаго боку вялізны шыхт расейска-савецкай ідэнтыфікацыі ў сьвядомасьці, а з другога боку дакладна ведае, што Беларусь — ягоная Радзіма, ды што ён сам — беларус, пажаданай зь дзьвюх названых ідэнтыфікацыяў будзе беларуская. Але ж ва ўмовах прамаскоўскага рэжыму на Беларусі ён ня зможа разьвіваць сваю беларускую ідэнтыфікацыю. У гэтым выпадку пажаданая беларуская ідэнтыфікацыя можа існаваць як прадукт фантазіі чалавека, ды пачынае выступаць у сьвядомасьці чалавека як яго “сапраўднае” Я. Справа беларускай супольнасьці ды нацыянальных лідараў правесьці чалавека ад гэтай фантазійнай беларускай ідэнтыфікацыі праз працэс рэсацыялізацыі-ператварэньня да сапраўднай беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці ды беларускай нацыянальнай ідэнтыфікацыі.

Супрацьлеглыя рэальнасьці, якія чалавек засвоіў у час першаснай сацыялізацыі, ён звычайна перажывае вельмі канфліктна ды пачуцьцёва. Кантрастныя рэальнасьці, засвоеныя ў час другаснае сацыялізацыі чалавек суб'ектыўна будзе адчуваць даволі спакойна.

У працэсе другаснае сацыялізацыі чалавек ня толькі спакойна засвойвае дзьве супрацьлеглыя рэальнасьці, беларускую ды савецка-расейскую, але ж нават атрымоўвае інструмэнты для маніпуляцыі ў асабістых інтарэсах гэтымі рэальнасьцямі. Такі чалавек тады сярод нацыяналістаў — нацыяналіст, а сярод паслугачоў прамаскоўскага рэжыму — прыхільнік інтарэсаў Масквы. Такі чалавек разумее свае розныя ідэнтыфікацыі як пэўныя ролі ды выконвае ў патрэбнай сытуацыі тую роль, якая яму выгодная. З боку беларускай супольнасьці такія паводзіны могуць быць ацэнены як здрада ды халуйства, але ж гэта “шчырае” халуйства, выхаванае грамадзтвам, якое дазваляе чалавеку вольна вандраваць паміж супрацьлеглымі ідэнтыфікацыямі.

Грамадзтва, якое свабодна прапаноўвае на рынку супрацьлеглыя рэальнасьці ды супрацьлеглыя ідэнтыфікацыі мусіць сутыкнуцца з праблемай усё большай рэлятывацыі ўсіх рэальнасьцяў. З гэтага моманту пэўная рэальнасьць ды адпаведная ідэнтыфікацыя разглядаецца не як адзіная ды свая, а як адна з многіх, якімі можна маніпулятыўна карыстацца ў сваіх асабістых інтарэсах. У выніку ідэнтыфікацыйнага плюралізму беларуская ідэнтыфікацыя рэлятывуецца, становіцца адной з многіх, замест таго, каб быць адзінай, ды рабіць свой унёсак у адзінства нацыі ды народа.

Фармаваньне беларускай нацыянальнай ідэнтыфікацыі ды беларускай нацыянальнай культурнай рэальнасьці праз палітычныя, грамадзкія, культурніцкія структуры будзе радыкальным крокам супраць ідэнтыфікацыйнага плюралізму, які зараз шырока распаўсюджаны ў беларускім грамадзтве, ды робіць свой унёсак у зьнішчэньне беларускай нацыі. Гэты крок дапаможа стварыць беларускую нацыю на падмурку адзінай беларускай нацыянальнай культуры пад адзіным бел-чырвона-белым сьцягам. Кожны беларус будзе разумець сябе як частку вялікага беларускага народа, будзе самаахвярна працаваць на нацыянальную ідэю, рабіць свой уклад у пабудову незалежнай моцнай Беларусі.

Ён будзе ведаць, што беларуская зямля, гэта не толькі тэрыторыя сучаснай Беларусі, але ж і адабраныя Смаленск, Себеж, Бранск ды Вільня — сэрца Вялікага Княства. Ён будзе памятаць ды шанаваць імёны сапраўдных беларускіх герояў — беларускіх нацыяналістаў, якія пад нямецкай акупацыяй намагаліся будаваць незалежную Беларусь ды баранілі свой народ. Такі чалавек будзе ведаць велічную гісторыю беларускай дзяржаўнасьці — Вялікае Княства Літоўскае. Сьвядомы беларус будзе хрысьціянінам ды зь верай у Бога будзе ствараць парадак на сваёй зямлі. Такі беларус будзе размаўляць толькі па-беларуску, ды будзе вадзіць сваіх дзяцей у беларускую школу. Такі чалавек будзе заўсёды памятаць, што галоўная небясьпека для Беларусі зыходзіць з варварскага Ўсходу — Расейскай Імперыі, але ж не забываць і пра небясьпеку з боку лібэральнага Захаду. 3

1 Гл. Peter L. Berger, Thomas Luckmann “Die gesellschaftliche Konstruktion der Wirklichkeit”, S. 139-195, Fischer Taschenbuch Verlag, Frankfurt am Main, Juni 2007

2 Гл. Зянон Пазьняк “Нацыянальныя каштоўнасьці” http://www.zianonpazniak.de/publications/analytics/nationalvalues.htm

3 Гл. Зянон Пазьняк “Нацыянальныя каштоўнасьці” http://www.zianonpazniak.de/publications/analytics/nationalvalues.htm

Пятро Кеўлаў

17 верасьня 2007 г.