ВЕРАСЬНЁЎСКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ

9 верасьня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, і ягоны зварот да моладзі ў гонар угодкаў Варшанскай перамогі над маскоўскімі захопнікамі — “Зорка перамогі” (публікуецца). Старшыня выклаў асноўныя напрамкі асьветніцкай дзейнасьці актывістаў-фронтаўцаў. Неабходна аказваць падтрымку патрыётам Бацькаўшчыны па ўсёй Беларусі. Праграма “Беларуская Салідарнасьць” павінна стаць асновай для кансалідацыі беларусаў, неабыякавых да лёсу Айчыны.

З дакладам аб палітычным і сацыяльна-эканамічным становішчы выступілі сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, і сп. Валеры Буйвал, сакратар Управы Фронту і Партыі. Выступоўцы казалі пра бездань, якая падзяляе рэжымныя колы грамадзтва і большасьць насельніцтва краіны. Сацыяльны кантраст дасягнуў ужо афрыканскіх і лацінаамэрыканскіх маштабаў. Далучаныя да антыбеларускага рэжыму “эліты” патанаюць у раскошы. Мафійная дзейнасьць дазваляе ім узбагачацца, будаваць раскошныя маёнткі і езьдзіць на дарагіх аўтамабілях. Абсалютная большасьць беларускіх семьяў, асабліва па-за межамі сталіцы жыве ў беднасьці, перабіваецца ад заробку да заробку. Асабліва драматычнае становішча склалася ў вёсках. Пьянства, крымінальная злачыннасьць, самая высокая ў Эўропе сьмяротнасьць, адчай — вось вынікі дзейнасьці пануючага ў Беларусі прамаскоўскага рэжыму. Эканамічны і сацыяльны крызіс паглыбляецца з кожным днём. На прыканцы года чакаецца чарговая хваля звальненьняў на прадпрыемствах і рэзкі скачок цэнаў на прадукты і камунальныя паслугі. Дэмаралізацыя народа — адзін са спосабаў, якім карыстаецца рэжым для таго, каб згасіць сацыяльны пратэст і не дапусьціць нацыянальнай кансалідацыі беларусаў. Менавіта таму рэжым зачыняе апошнія беларускія школы, што яшчэ дзейнічаюць у гарадах і мястэчках, замяняючы іх на акупанцка-расейскія “образовательные заведенія”. Фальсіфікуецца нацыянальная гісторыя, зьнішчаюцца помнікі беларускай культуры. Беларусь захлынула нячыстая хваля расейскай папсы і нізкай маскультуры. Замест нацыянальных сьвятыняў акупанты падсоўваюць нашаму народу расейскі сурагат. Супрацьстаяць гэтаму разбуральнаму працэсу павінны перш за ўсё сумленныя людзі, патрыёты Бацькаўшчыны, якія ёсьць у кожным раёне нашай краіны. Аб’яднаць іх вакол нацыянальнай ідэі, скансалідаваць іхныя намаганьні ў абароне беларушчыны, стварыць шырокі грамадзкі супраціў акупанцкай палітыцы асіміляцыі і русіфікацыі — вось асноўная задача “Беларускай Салідарнасьці”. Разам з рэжымам, як заўсёды, дзейнічае грантаўская псэўдаапазыцыя. Цяпер гэтыя “дзеячы” разгарнулі падрыхтоўку да так званага “Европейского марша”, які яны плянуюць правесьці ў Менску 14 кастрычніка сёлета. Не выпадкова “марш” прызначаны за два тыдні да Дня памяці продкаў Дзяды. Імітатары плянуюць зьбіць пратэстную энэргію людзей, разьвеяць яе на сваім пустым мерапрыемстве. Пад блакітнымі небеларускімі сьцягамі яны зьбіраюцца весьці беларускую змагарную моладзь у чарговы тупік, падстаўляючы людзей пад рэпрэсіі. Іхныя лёзунгі бессэнсоўныя і дэмагагічныя, яны здольныя толькі падманваць і блытаць людзей. У выніку прайдзісьветы наробяць фотаздымкаў (“карцінак”), пашлюць іх сваім грантадаўцам і атрымаюць чарговыя юдавы грошы “на белорусскую демократію”. Мы заклікаем беларускую моладзь урэшце вырвацца з гэтага замкнёнага кола падману і адвярнуцца ад жулікаватых “лідэраў”.

Выступілі сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра рост сацыяльнай незадаволенасьці грамадзтва. Паўсюль людзі бачаць, як за народны кошт нажываюцца мясцовыя рэжымныя эліткі, як апантана яны служаць антыбеларускаму рэжыму. У Глыбокім менавіта мясцовыя лукашысты з адміністрацыі пачалі ўтвараць “русскоязычные” клясы ў мясцовай беларускай школе. Бацькі і настаўнікі супрацьстаяць навале, але іх трэба падтрымаць, каб яны не пачуваліся самотнымі. Людзі ўжо добра разумеюць, хто запаўняе нашы гарады, скупаючы маёмасьць і правакуючы шалёны рост цэнаў на жыльлё — расейскія дзялкі-мафіёзы, якія ствараюць для сабе запасны варыянт на выпадак народнага бунту ў Расеі. Антыбеларускі рэжым актыўна спрыяе працэсу засяленьня нашай краіны агрэсіўнымі і цынічнымі чужынцамі, якім ненавісна ўсё беларускае, якія ўпэўнены, што наш народ будзе прыслугоўваць ім.

Сойм прыняў рашэньне кансалідаваць патрыётаў Айчыны ў абароне беларускіх школаў і садкоў, нашай нацыянальнай культуры і мовы.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

9 верасьня 2007 г.