РЭЛІКТЫ АКУПАЦЫІ
27 жніўня 2007 г. Славацкая газэта “SME” публікуе агляд парэшткаў камунсітычнага рэжыму ў назовах вуліцаў і плошчаў на славацкай правінцыі. Аказваецца, ў шэрагу мястэчак краіны праз 18 гадоў пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму засталіся вуліцы Савецкіх герояў, Чырвонай арміі, Піянэраў, нават Маркса і Энгельса. Мэры і старасты гэтых населеных пунктаў заяўляюць, што то быў пэўны гістарычны пэрыяд і яго ня выкінеш з гісторыі.
Наш камэнтар: І там і ў нас бальшавіцкія настальгікі паўтараюць тое ж: “Но ведь это наша история!” Сутнасьць жа ў тым, што гэта якраз ня “наша” гісторыя, а рэлікты акупантаў, факт зьнявагі нацыі, які працягвае існаваць ужо як абсурд ці кур'ёз. Адрозьненьне толькі ў тым, што ў Славаччыне гэтая зьява — сапраўды лакальныя парэшткі, кур'ёз на фоне нармальнага разьвіцьця нацыянальнай дзяржавы і культуры. А ў Беларусі — гэта пануючы маразм, ваяўнічая спроба акупантаў пазбавіць наш народ гістарычнай памяці і сьцерці нашу культуру. Але і там і ў нас бальшавізм і расейская акупацыя ўрэшце рэшт атрымаюць сваю адэкватную ацэнку і зоймуць сваё месца на сьметніку гісторыі.
Валеры Буйвал