БАВЯЦЦА Ў КАМУНІЗМ
27 жніўня 2007 г. Нарвэжская газэта “Friheten” піша пра штогадовы летнік для камуністычнай моладзі скандынаўскіх краінаў. Сёлета летнік арганізавалі ў Кірсэбо ў Паўднёвай Швэцыі. На фота — намёты пад чырвонымі сьцягамі, скандынаўскія камсамольцы і іхныя “вожатые”. Лектары прачыталі камсамоліі лекцыі пра камунізм на Кубе і ў Судане. У цэлым летнік праходзіць “пад знакам 90-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года”. Быў паказаны фільм пра гэтую рэвалюцыю. Потым прашла дыскусія пра значэньне кастычніцкай рэвалюцыі. Усе разам сьпявалі расейскія бальшавіцкія песьні...
Наш камэнтар: Тлумачым: газэта “Фрыхэтэн” ёсьць выданьнем кампартыі Нарвэгіі. На працягу 80 гадоў гэтую газэтку і ў цэлым дзейнасьць кампартыяў у Скандынавіі (і ва ўсім сьвеце) аплочвала ЦК КПСС, а цяпер аплочвае ЦК ФСБ. Зразумела, што ЦК браў сродкі з кішэняў савецкіх людзей, цяпер з кішэняў постсавецкіх людзей. Масква ніколі не пакіне без увагі сваіх васалаў у Скандынавіі. Многія зь іх зрабілі кар'еры ў Камінтэрне, камфортна жылі на маскоўскія ганарары пры розных генсеках. Кампартыі ў Скандынавіі заўсёды былі і застаюцца малазначнымі групоўкамі з малой колькасьцю сяброў і прыхільнікаў. Усур'ёз іх ніхто ніколі не ўспрымаў. З маргіналаў сьмяяліся і сьмяюцца. Падчас афіцыйнага савецкага візыту ў Капэнгагене яны былі вышлі насустрач Хрушчову з чырвонымі сьцягамі. А грамадзяне выпусьцілі перад маскоўскім госьцем сьвіньню, пафарбаваную на чырвона. Рагатала ўся краіна. Пры Сталіне гэтым дзеячам рэгулярна даставалася дыхту ад гаспадара. “Отец народов” строга спытаў аднойчы на камінтэрнаўскай канфэрэнцыі ў швэдскага генсека Карла Кільбома, чаму ў Стакгольме не было першамайскай дэманстрацыі? Кільбом затросься і адказаў: “Дождж пачаўся, таварыш Сталін”. “Так что же, нам нужно было отменять октябрьскую революцию в 1917 году, если бы пошёл дождь?!” — гаркнуў на швэда Сталін. Вечная праблема лёгкага жанру...
Валеры Буйвал