УКАРАНІЛІ ЛУБЯНСКУЮ ГІСТОРЫЮ РАСЕІ
24 жніўня 2007 г. Польская газэта “Zycie Warszawy” піша пра тое, як Пуцін загадаў ачысьціць падручнікі ад заходняй вэрсіі гісторыі Расеі. Новы падручнік гісторыі ўжо гатовы. У ім ня згадваецца нішто пра злачынствы Сталіна і нэгатыўную ролю СССР у ІІ Сусьветнай вайне. Расея 1945-2005 гадоў падаецца як узор для ўсяго цывілізаванага сьвету. Сталін у падручніку — адзін з найвялікшых правадыроў Расеі ў ХХ стагоддзі. Няма нічога пра злачынствы камунізму. Шэраг гісторыкаў адмовіліся ад удзелу ў рэдакцыі новага падручніка.
Наш камэнтар: Гэта ёсьць “очищение” па-лубянску. Трэба паспачуваць маскоўскім таварышам. Сапраўды, калі яны сказалі б праўду пра расейскую гісторыю, непараўнальную па колькасьці крывавых злачынстваў нябачаных маштабаў, то іхная імпэрыя проста абвалілася б пад цяжарам жудаснай спадчыны. Вядома таксама, што ідэалізацыя дзяржаўных злачынстваў і злачынцаў заўсёды вядзе да паўтарэньня гэтай антычалавечай практыкі.
Валеры Буйвал