ПРАФАНАЦЫЯ НОВЫХ ПІСАКАЎ

16 жніўня 2007 г. Летувіская газэта “Lietuvos Rytas” перадрукавала тэскт паведамленьня зь Беларусі, разасланы па ўсім сьвеце амэрыканскай інфармкапаніяй Reuters. У тэксьце ёсьць пра ўсё. Як “апазыцыя зноў аб'ядналася пасьля разьяднаньня ў выніку паразы на выбарах 2006 года”. Як на паседжаньні “аб'яднаных” быў адхілены ад лідэрства Мілінкявічус (але тут жа даецца імклівы заклік адстаўнога Мілінкявічуса да ўдзелу ў наступных выбарах). АГП і Лебедько заклікаюць усіх на “Европейскій марш” і абяцаюць вывесьці на вуліцы 10 тысячаў чалавек. “Марш будзе нашым пратэстам...” — кажа Лебедько. Але адразу ж арганізатары “маршу” паведамляюць пра сваю дзейнасьць па наладжваньні “дыялёгу з уладамі”. Завяршаецца тэкст паведамленьнем, што “наступныя выбары зноў будуць проста рытуалам”.

Наш камэнтар: Ці можна наагул зразумець нешта з гэтай інфармацыйнай бурбалкі? Дарэчы не амэрыканцы забясьпечылі летувіскую газэту (і безьліч СМІ ва ўсім сьвеце) гэтай аналітыкай. На працягу доўгіх гадоў Reuters абслугоўваюць мясцовыя менскія журналісты. Гэтыя людзі нават ня ведаюць ангельскай мовы. Яны лепяць свае інфармацыі па-расейску і высылаюць у Маскву, а адтуль ужо пасьля перакладу ўсё перадаецца ў амэрыканскі цэнтар.

“Інтэлектуальную глыбіню” і “творчую патэнцыю” мясцовай журналістыкі (“незалежнай і дэмакратычнай”) мы добра ведаем, таксама як і яе “адданасьць праўдзе”. На працягу гадоў пад шыльдай амэрыканскага рэпарцёрства правінцыйная савецкая публіка стварае скажоную карціну беларускай народнай драмы, апазыцыйнай барацьбы (дзе грантаўскія прамаскоўскія падстаўныя выконваюць цэнтральныя ролі). Карцінка тыражуецца, рулетка круціцца, рэжым наладжвае чарговы рытуал. Трэба прызнаць, што шкода ад гэтых пісакаў значна большая, чым была ў свой час ад савецкай гёбельсаўшчыны. Тым прынамсьці ня верылі ў дэмакратычным сьвеце, сьмяяліся з іхных “комсомольскіх строек” ды “стахановцев”. Цяперашнія цемрашалы пад сьцягам дэмакратыі і правоў чалавека — значна большая небясьпека для Беларусі.

Юрка Марозаў