ГІСТАРЫЧНАЯ ПЕРАМОГА

16 жніўня 2007 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” дае рэпартаж з урачыстых мерапрыемстваў, якія адбыліся 15 жніўня ў Варшаве. 100 тысячаў гледачоў віталі аддзелы Войска Польскага, якое маршыравала праз цэнтар сталіцы. Народ адзначаў угодкі “Цуда над Віслай” (1920 г.). У парадзе ўзялі ўдзел таксама аддзелы ў гістарычных вайсковых строях. Прэзыдэнт Лех Качыньскі прымаў парад. Былі ўскладзены вянкі да магілы невядомага жаўнера.

Наш камэнтар: Палякам ёсьць чым ганарыцца. У сярэдзіне жніўня 1920 года маладая польская армія пад камандваньнем Юзафа Пілсудскага здолела спыніць імклівы наступ бальшавіцка-маскоўскай арміі, якой камандвалі (і перасварыліся між сабой — што і было адной з прычынаў сакрушальнай паразы) Тухачэўскі, Сталін, Варашылаў, Будзёны. Бальшавіцкія банды ўжо прарваліся да Варшавы і гатовыя былі зьнішчыць незалежную польскую рэспубліку. Ужо быў утвораны “народны урад” з маскоўскай агентуры (Мархлеўскі, Кон, Дзяржынскі). Здраднікі народа паціралі ручкі і рыхтаваліся да пышнага ўезду ў скораную сталіцу. У апошнія гады польскія гісторыкі прадэманстравалі шэраг дакумантаў, якія сьведчаць аб тым, што захоп Польшчы быў для Крамля толькі першым этапам на шляху “сусьветнай рэвалюцыі”. Пасьля падзеньня Варшавы саветы меркавалі працягнуць ваенны наступ на двух накірунках: заходнім — Берлін-Парыж і паўднёвым — Вена-Рым. Над Нотр-Дамам і Калізэям павінны былі залунаць чырвоныя сьцягі “пралетарскага вызваленьня”.

Ды нічога ня выйшла. Польскі народ, убачыўшы спрадвечнага ворага каля брамы сталіцы, паказаў прыклад нацыянальнай салідарнасьці і патрыятызму. Студэнты, рабочыя, сяляне тысячамі ўступалі ў шэрагі дабраахвотнікаў. Спыніліся палітычныя спрэчкі, нават левыя палітыкі зразумелі небясьпеку маскоўскага палону. Нечакана для бальшавікоў польская армія нанесла па іхных дывізіях магутныя ўдары, зрабіла ўдалыя манэўры і пагнала ворага са сваёй зямлі. Краіна была выратавана. Пры прамаскоўскім рэжыме да 1989 года антыбальшавіцкая вайна 1920 года і ўсё зьвязанае з ёю замоўчвалася або паддавалася фальсіфікацыі. Вэтэраны славутай ваеннай апэрацыі зьбіраліся і адзначалі ўгодкі перамогі тайна. Але настаў час праўды. Настане такі час і для беларускіх герояў антымаскоўскага змаганьня, народ будзе адзначаць не савецкія фальшыўкі, а нашы перамогі над лютым імпэрскім ворагам.

Валеры Буйвал