“ГАЗПРОМ-ГЕРМАНІЯ” — ПРЫСТАНІШЧА КГБ

17 жніўня 2007 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” раскрывае чарговую “таямніцу полішынэля”. Пра гэта, дарэчы, піша і нямецкая прэса. З архіўных дакумантаў Штазі (КГБ ГДР) высьветлілася, што шэраг цяперашніх нямецкіх супрацоўнікаў структураў расейскага “Газпрома” займалі высокія пасады ў камуністычных спэцслужбах ГДР. Начальнік нямецкага аддзяленьня “Газпрома” пад назовам “Газпром-Германія” Ганс-Увэ Крэер быў начальнікам аддзела контрвыведкі Штазі ў прамысловасьці. Цяперашні начальнік фінаддзела таго ж “Газпрома-Германіі” Фэлікс Штрэхобэр быў начальнікам фінаддзела ў Штазі. Цяперашнім іхным начальнікам у гэтай падпарадкаванай Маскве газпрамаўскай структуры зьяўляецца Маціяс Варынг, дырэктар “паўночнага газаправоду” (які немцы будуць будаваць разам з расейцамі па дну Балтыкі). Варынг быў таксама начальнікам у Штазі і працаваў у Дрэздэне пад непасрэднай камандай маладога афіцэра КГБ Уладзімера Пуціна (“друзья юності”). Над усімі ўзвышаецца постаць былога канцлера ФРГ Шродэра, да якога ўсё больш настоліва зьвяртаюцца з роспытамі нямецкія журналісты і палітыкі: як гэта ён зрабіў бліскучую кар'еру ў расейскай прамысловай структуры “газпрома”? Той ўсьцяж паўтарае, што папярэдняй дамоўленасьці з Масквой на працаўладкаваньне ў яго не было.

Наш камэнтар: Зразумела, што калі высьветліцца, што сэрвільны канцлер атрымаў гарантыі працаўладкаваньня ад Масквы яшчэ будучы канцлерам, то ягонай кар'еры настане капут. Нямецка-гэбоўская агентура пракруціла мільярдную авантуру, пайшла на службу ў маскоўскія структуры і думала, што нямецкае грамадзтва гэтага не заўважыць. Але яно заўважыла, яно ўстрывожылася. Пачало задваць пытаньні: дык чыем жа інтарэсам служыў штатны канцлер Шродэр, чаму вакол яго процьма пуцінскіх “друзей юності” і ці называецца ўсё гэта нямецкай нацыянальна-дзяржаўнай палітыкай?

Мы раім немцам зірнуць на праблему глыбей. Устрывожыцца таксама на тэму таемных пактаў Масквы і Берліна па новаму падзелу Эўропы “на сфэры ўплываў” і па сумеснаму зьнішчэньню беларускага народу, ягонай дзяржавы і культуры. Бо гэтая злачынная палітыка прынясе бяду таксама і нямецкаму народу, як гэта было ў мінуўшчыне.

Юрка Марозаў