БУДЗЕ ІМ ЦЬВЯРОЗЫ РАХУНАК
3 жніўня Грузія выставіла газавы рахунак Расеі. Гендырэктар грузінскай Карпарацыі газу і нафты А. Хетагуры заявіў у Тбілісі, што Расея абавязана выплаціць Грузіі запазычанасьць у два мільёны даляраў за транспарціроўку транзітам праз грузінскую тэрыторыю газу ў Арменію. Грузія гатова прыняць запазыку грашыма або газавымі пастаўкамі. Вось сапраўдныя дзяржаўныя паводзіны кіраўніцтва ў незалежнай дзяржаве. Які яркі кантраст з халуйскай мітусьлівасьцю менскага рэжыма. Такое ўжо было і ня раз у найноўшай гісторыі. Калі ў 1992 годзе раздзялілася Чэхаславаччына, Масква выставіла ўльтыматум на калясальную суму кіраўніцтву Славаччыны: маўляў, плаціце па запазычанасьцях за газ. Але славакі, аказваецца, рыхтаваліся да сваёй незалежнасьці. Яны падсунулі пад нос крамлёўскім рэвізорам свае рахункі, паводле якіх якраз Расея была вінаватая маладой рэспубліцы мільёны даляраў за транзіт праз сваю тэрыторыю. Драпежнікі адсталі ад славакаў.
Вяртаючыся да чарговай газавай істэрыкі, якая разгарнулася ў Беларусі, трэба не забывацца пра факты недалёкай мінуўшчыны. Лукашэнка днямі заклікаў “топіть древесіной”, “возобновлять мазутные установкі”. Але людзі памятаюць, што рэзкі пераход на поўную залежнасьць ад расейскага газу адбыўся ў Беларусі ў 1995-96 гг. Тады прамаскоўскі рэжым “молодого презідента” загадаў распілоўваць апаратуру, якая працавала на мазуце (менавіта зьнішчаць, каб нельга было нават спадзявацца на нейкую альтэрнатыву газаваму расейскаму рабству). Шалёны загад быў выкананы.
Цяпер народ становіцца ахвярай злачыннай авантуры. У маскоўскай і калямаскоўскай прапагандзе зноў на поўніцу зашумелі-загалёкалі пра тое, што “беларусы на працягу гадоў былі на газавым утрыманьні ў Расеі, што пара канчаць з гэтай безгаспадарнай палітыкай у адносінах да менскага саюзьніка, які карміўся расейскім багацьцем без комплексаў” і г.д. Нармальнае, сапраўднае (а не падстаўное) дзяржкіраўніцтва Беларусі на гэты вэрхал і ўльтыматумы выставіла б Маскве, як гэта зрабілі славакі і грузіны, свой цьвярозы рахунак: патрабаваньне плаціць за транзіт праз нашу тэрыторыю, за вайсковыя базы, за адкрытую мяжу. І ўсім стала б зразумела, што гэта якраз Масква мае шалёныя запазычанасьці перад Беларусьсю. Але для правядзеньня нацыянальнай палітыкі павінен быць нацыянальны ўрад.
Янка Базыль