РАСЕЙСКІЯ ПЛЯНЫ

У Крамлі 2 жніўня гаварылі пра Далёкі Усход. Рэй вёў прэм'ер Фрадкоў, надзвычай вясёлы і жвавы (нібыта вырашыў усе ўсходнія праблемы і падводзіў аптымістычныя вынікі). Аказалася, аднак, што ўсё якраз наадварот. Крамлёўцы прызналіся, што расейскае насельніцтва на гэтай агромністай тэрыторыі імкліва “зьмяншаецца” (больш канкрэтна кажучы: уцякае, а ў асноўным вымірае). Менш за 9 мільёнаў “дорогіх россіян” маюць па суседству за памежнай ракой некалькі сотняў мільёнаў кітайцаў (Фрадкоў не згадаў, што кітайцы актыўна засяляюць прасторы далёкаўсходняга рэгіёну). На агучаныя факты эканамічна-сацыяльнай недаразьвітасьці і выміраньня Фрадкова працяў гульлівы імпэт. Ён запрапанаваў аднавіць на Усходзе “комсомольскіе стройкі”, а самае галоўнае — накіраваць маскоўскае начальства жыць і працаваць на прыкітайскіх тэрыторыях. Іронію начальніка аўдыторыя зразумела адэкватна, заля весела і аглушальна зарагатала. Усе ведаюць, што нікога ніхто высылаць з Масквы ня будзе. Бо памятаюць, чым скончылася спроба ператусоўкі партыйна-гаспадарчых кадраў, напрыклад, для Хрушчова ў 1964 г., калі напалоханае начальства апэратыўна скінула яго з трона генсека. Трэба меркаваць, што туды, дзе Макар цялят не пасьвіў, крамлёўцы зьбіраюцца паслаць беларусаў у рамках абяцанага Пуціным “антрапапатока” дзеля амалажэньня Расеі. Прыдзецца нам салідарна расчараваць крамлёўскіх рабаахвотнікаў.

Янка Базыль