НАВІНЫ РУСКАГА ФАШЫЗМУ

12-га жніўня ў Інтэрнэце зьявіўся відэаролік, у якім паказанае жорсткае забойства расейскімі нацыстамі ўраджэнцаў Дагестану і Таджыкістану. На думку экспэртаў, гэта першы ролік, які ўяўляе сабою не пастаноўку, а сапраўдную карціну забойстваў.

Дзьвюххвілінны ролік разьмешчаны ў Інтэрнэце ад імя Нацыянал-сацыялістычнай партыі Русі “Белая улада”. Назва — “Апэрацыя НСПР па арышту і пакараньні двух каляністаў з Дагестану і Таджыкістану”. Дзеяньне адбываецца ў лесе. Двое зьвязаных мужчын стаяць на каленях пад сьцягам са свастыкай. Чалавек у камуфляжы падыходзіць да іх і нажом адразае галаву аднаму. Другога забіваюць стрэлам у патыліцу, і ён падае ў падрыхтаваную магілу. Два чалавекі ў масках ускідваюць рукі ў нацысцкім вітаньні.

Падобныя здымкі разьмяшчаюцца фашыстамі ў Інтэрнэце, прынамсі, у “жывым часопісе” не ўпершыню. Гаворыць кіраўнік маскоўскага дасьледнага цэнтру “Панарама” Ўладзімер Прыбылоўскі:

“Гэты ролік — ня першы, падобныя ўжо былі. Іншая справа, што тыя ролікі з забойствамі былі пастановачнымі, а пра гэты цяжка сказаць”.

Расейская пракуратура распачала крымінальную справу на падставе зьместу стужкі.

Экспэрты, якія займаюцца праблемай этнічнай нецярпімасьці, адзначаюць, што факты такіх забойстваў — зусім не адзінкавыя. Паводле інфармацыі цэнтру “Сава”, сёлета ў Расеі паводле расісцкіх матываў фашысты забілі 37 чалавек.

Пра стужку “Белай ўлады” гаворыць Сьвятлана Ганушкіна, старшыня грамадзкага камітэту дапамогі ўцекачам і вымушаным мігрантам:

“Штодзень нам распавядаюць аналягічныя выпадкі. І гэта ўжо набывае масавы характар. І мы бачым, як ставяцца да гэтага праваахоўныя і судовыя органы — па кожным выпадку даводзіцца змагацца, па-першае, каб нармальна прайшло сьледзтва, а па-другое, каб яны былі асуджаныя.

У нас цяпер ідзе касацыйная стадыя суду ў справе забойства маладога чалавека па прозьвішчы Сардаран, ён быў грамадзянінам Расеі, яго забілі год таму ў электрычцы, адзін забіваў, другі здымаў на відэа. Гэта цалкам магло быць таксама дзесьці разьмешчана. Пры гэтым яны крычалі “Слава Расеі”. Вось такая ў нашай Расеі цяпер слава”.

(Паводле радыё Свабода)