“ЧУЖАЯ ГАЛАВА НЕ БАЛІЦЬ”
7 жніўня 2007 г. Швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” паведамляе пра чарговы эпізод расейска-грузінскіх дачыненьняў. Уначы нейкі баявы самалёт скінуў на грузінскую вёску каля Тбілісі 700-кілёграмовую бомбу. На шчасьце, яна ня выбухнула. Грузія абвінаваціла Расею ў акце агрэсіі. Расейскія генэралы тлумачацца, што “уначы нашы самалёты не ляталі над Грузіяй”. Газэта цікава піша пра характар канфлікту: “Расея падтрымлівае правінцыі Паўднёвай Асэціі і Абхазіі, якія аддзяляюцца, маральна і фінансава”.
Наш камэнтар: Зразумела, што Масква паспрабавала напалохаць грузінаў, кідаючы ў начной цемры сваю бомбу каля іхнай сталіцы. Добра, што маскоўскія генэралы не заявілі, што то быў “абхазкі самалёт”. Калі знаходжаньне расейскіх войскаў з артылерый і бранетэхнікай, а таксама бамбардоўкі тэрыторыі Грузіі паводле швайцарскай аналітыкі ёсьць “маральнай і фінансавай падтрымкай”, то прапануем швайцарцам перанесьці сітуацыю з далёкай краіны на сабе самых. Напрыклад, нямецкія войскі займаюць кантон Бэрн, “маральна” падтрымліваюць мясцовых сэпаратыстаў, раздаючы ім германскія пашпарты і страляючы па швайцарскіх жаўнерах, паліцыянтах і сялянах. Але для гэтага трэба мець крыху фантазіі. А як вядома, для аналітыкаў на Захадзе “чужая галава не баліць”. Яны любяць выказвацца навукападобна і “дыпляматычна”, каб не задзіраць Маскву.
Валеры Буйвал