А БЫЎ ЖА ТАКІ РАЗУМНЫ

Вядомы некалі савецкі дысыдэнт Уладзімер Букоўскі наведаў 3 жніўня кансулят Расеі ў Лёндане і атрымаў там навюсенькі пашпарт грамадзяніна РФ (з 1976 г. экс-дысыдэнт жыве ў Брытаніі). Візіт вельмі дзіўны і недарэчны, калі улічваць, што якраз у гэтыя дні разгортваецца чарговы акт брытанска-маскоўскага міждзяржаўнага крызісу. Па тэлебачаньні паказваюць А. Лугавога, забойцу А. Літвіненкі. Ён і “незавісімые эксперты” расказваюць, што брытанскі грамадзянін Літвіненка сам сябе забіў “з прычыны неасьцярожнага карыстаньня атрутнымі рэчывамі”. Масква заяўляе, што ня выдасьць Лугавога на сьледства і суд у Брытанію, пагражае санкцыямі і г.д. А ў гэты самы час колішні герой-ненавісьнік гэбоўскага рэжыму ідзе ў расейскі кансулят і дэманстрацыйна атаварваецца пашпартам некалі раскрытыкаванай ім імпэрыі. І ўсё дзеля таго, каб выставіць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкія выбары 2008 г. у Расеі. Яго, аднак, вельмі тэрмінова расчаравалі. Ужо на наступны дзень, 4 жніўня ў Маскве выступіла сябра ЦВК РФ Е. Дубровіна. Яна заявіла, што Букоўскі ня будзе зарэгістраваны кандыдатам, бо больш за 10 гадоў не жыве ў Расеі і мае падвойнае грамадзянства. Шкада, гэтак не разьбірацца ў простых рэчах, а так хацелася экс-дысідэнту падсабраць на Захадзе грантаўскіх грошай “на победу русской демократіі”.

Янка Базыль