ЛУБЯНСКІЯ “ПАМІНКІ”

6 жніўня ў Маскву прыплыў хросны ход “у памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў”. Ход пачаўся ў Архангельскай вобласьці, ад знакамітага кляштара на Салавецкім архіпэлагу, дзе маскоўскія бальшавікі арганізавалі былі адзін з першых канцлягероў зьнішчэньня. “Ходам” РПЦ назвала баржу, на якую пагрузілі вялікі крыж, зроблены цяперашнімі салавецкімі манахамі з сасны і кедра. Баржа праплыла па Беламора-Балтыйскаму каналу, жудаснаму помніку рабскай працы, пабудаванаму на касьцях сотняў тысячаў “ворагаў народу” па загаду Сталіна. Потым праз Волгу баржа заплыла ў Маскву-раку. Як перадае расейскае тэлебачаньне, “крыж сустракаў гул усіх званоў сталіцы, а свяцейшы патрыярх Алексі ІІ сказаў пра памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў”.

Пасьля круіза па Маскве-рацэ крыж зьбіраюцца ўсталяваць на маскоўскім палігоне ў Бутаве, бо менавіта там у жніўні 1937 г. НКВД пачало масавыя расстрэлы людзей (як кажуць у Маскве, “70-годдзе пачатку масавых рэпрэсіяў”). Здаецца, усё арганізавана прыстойна і велічна. Але зірнем больш уважліва на гэтую падзею. Чаму Алексі ІІ, экіпаж баржы з крыжом і ўсе астатнія памінаюць толькі ахвяраў “сталінскіх рэпрэсіяў”? А як жа ленінскія, хрушчоўскія, брэжнеўскія, гарбачоўскія, ельцынскія і ўрэшце пуцінскія забойствы людзей? А рэпрэсіі царскага рэжыму? Гэта што, не рэпрэсіі, не ахвяры? Мы заўважылі ўжо і па мітусьні падстаўных “экспэртаў-культуролягаў” у Курапатах і іншых месцах пакутніцтва беларускага народу, што гэтая публіка спрабуе засяродзіць увагу менавіта на 1937 годзе (як гэта рабіла савецкая прапаганда з часоў ХХ зьезда КПСС 1956 года, дзе Хрушчоў “разьвянчаў культ Сталіна”). Што гэта за “70-годззе пачатку масавых рэпрэсіяў”, што за штучны і цынічна-бязглузды “юбілей”? Можа раней і пасьля 37-га не было рэпрэсіяў? Гэтую ману хочуць увесьці ў вушы людзям прапагандысты антычалавечых рэжымаў і РПЦ?

І самае галоўнае. Праз якія ландшафты праплывала “хросная баржа”, у які стольны горад яна заплыла? На берагах “святой Русі” спрэс чорныя балваны — бронзавыя, бэтонныя і гранітныя помнікі арганізатарам і выканаўцам масавых забойстваў нявінных людзей: Леніну, Калініну, Кіраву і драбнейшым бальшавікам-садзістам. Іхнымі імёнамі названы вуліцы і плошчы, інстытуты і фабрыкі. Па ўсёй Расеі — непахаваныя парэшткі ахвяраў бальшавіцкага тэрору, якім няма ані помнікаў, ані памяці. Імпэрыяй камфортна і расперазана кіруе лубянская хунта з той самай агранізацыі, якая растраляла і закатавала мільёны людзей. Растрэльшчыкі нават не пакаяліся, яны актыўна рэстаўруюць “честь і славу” Леніна-Сталіна і НКВД-КГБ. З удзелам галоўных растрэльшчыкаў адбываецца самы “ход” і будзе адбывацца ўсталяваньне салавецкага крыжа на растрэльным палігоне. Да такога выраблена сатанізму не дадумваліся нават нямецка-фашыстоўскія зьнішчальнікі народаў. Каго хоча падмануць Масква гэтай бутафорыяй пад гул званоў?

7 жніўня “поклонный крест” урэшце ўсталявалі. Ведаеце ў якім месцы на бутаўскім палігоне? А вось у якім: там, дзе ў 1937 годзе знаходзілася камэндатура палігона. Заўважым, не на залітай крывёй ахвяраў зямлі, а на месцы, дзе сядзела гэбоўскае начальства гэтай жудаснай мясарэзкі. Агульнавядома, што калі за “увекавечваньне памяці” бяруцца лубянскія каты, то атрымліваецца цынічная гнюснасьць. Так, на месцы калясальнага канцлягера ў Трасьцянцы каля Менска (там расейскія, а потым нямецкія акупанты зьнішчылі сотні тысячаў людзей) савецкі акупацыйны рэжым наладзіў калясальны сьметнік. У 1990-я гады лубянскія “інтэлектуалы” прапанавалі ўтварыць у Трасьцянцы спачатку “парк памяті для гуляній”, а калі грамадзтва адрынула гэтую звыродлівую ідэю, яны пайшлі яшчэ далей. Запрапанавалі паставіць у Трасьцянцы на агромністай гары сьмецьця нейкую “родіну-мать” і назваць гару “Холмом памяті і раскаянія”. Што яны выраблялі ў Курапатах — усім вядома. Ня могучы спыніць народнае рушаньне, ня могучы сьцерці з памяці людзей трагічныя падзеі, імёны ахвяраў і лубянскіх катаў, рэжым КГБ спрабуе зьвесьці тэму да асобнага эпізода, да лакальнай даты — 1937-мы і ўсё. Прыдумалі нават “юбілей рэпрэсіяў”, прызначылі яго на 8 жніўня. Будуць вадзіць на месцах растрэлаў карагоды з барадатымі бацюшкамі. Ды паўтараць сваё: “Время было такое...” Беларусы не павінны дазволіць падмануць сябе ўсялякім прыліпалам да сьвятой тэмы памяці: кузьняцовым, арэшчыкам ды іхным гаспадарам з гэбэ. Народ не павінен дазволіць правіць сатанінскую гэбоўскую “імшу” на месцах пакутніцтва.

Янка Базыль