ЖНІВЕНЬСКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ

12 жніўня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Эскалацыя расейскай палітыкі” (публікуецца). Выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні на Беларусі Партыі і Фронта, сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Партыі і Фронта, сп. Валеры Буйвал і сп. Уладзімер Раманцоў, сакратары Управы Партыі і Фронту. Выступоўцы казалі аб нашэсьці на Беларусь расейскага мафійнага капіталу, які выклікаў шалёны скачок коштаў на жыльлё. Беларусам (якія жывуць на свае заробкі) цяпер практычна немагчыма набыць жыльлё для сваіх сем’яў. Адкрыта і прыхавана расейскія капіталісты авалодваюць беларускімі прадпрыемствамі. Напрыклад, аўстрыйская фірма, якая валодае сталічным мота-велазаводам, аказалася на самой справе фірмай расейскага капіталіста пад чужым прыкрыцьцем. Цывілізаваны сьвет са зьдзіўленьнем назірае за эканамічнай і палітычнай экспансіяй расейскай імпэрыі. Замест таго, каб разьвіваць занядбаныя расейскія вобласьці прынамсьці вакол Масквы, расейскі рэжым ўтыркае сьцягі на дне Ледавітага акіяна, уводзіць дадатковыя вайсковыя часткі на Паўночны Каўказ, дзе пачынаецца новы віток каляніяльнай вайны. Імпэрыя ня можа існаваць як нармальная сучасная дзяржава і гэта зьяўляецца асноўнай прычынай яе непазьбежнага краху.

Выступоўцы аналізавалі прычыны апошніх перастановак у кіраўніцтве спэцслужбаў мясцовага рэжыму. Рэжым рыхтуецца да сацыяльных пратэстаў беларускага грамадзтва, якое ужо цяпер адчувае на сабе правальную эканамічную палітыку прамаскоўскага кіраўніцтва. Адначасова працягваецца здушэньне беларускай культуры і школы. Напрыклад, у Глыбокім мясцовыя беларусафобы з адміністрацыі зачыняюць апошнюю беларускую школу, перарабляюць яе ў расейска-каляніяльную, нягледзячы на пратэсты бацькоў і вучняў.

Актывізавалася псэўдаапазыцыя, якая пачала актыўна арганізоўваць “экскурсіі” у Курапаты. Падстаўныя “культуролягі” распавядаюць беларускім і замежным грамадзянам пра свой “гераізм” і “самаахвярнасьць”. Яны не паставілі аніводнага крыжа, ня ўдзельнічалі ў абароне курапацкай сьвятыні ад вандалаў рэжыму. Але цяпер гэтая публіка стварае міф аб сабе і заяўляе пра праекты “новага помніка” у Курапатах, які яны мяркуюць ўсталяваць разам з антыбеларускім рэжымам. Беларускім патрыётам прыйдзецца бараніць Народны Мэмарыял у Курапатах таксама і ад гэтага псэўдаапазыцыйнага грантаўскага няшчасьця.

Сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны распавялі аб дзейнасьці патрыётаў, якія паўсюль вядуць змаганьне за беларушчыну, за нашу Бацькаўшчыну. Галоўная задача гэтай барацьбы — далучэньне да Беларускай Салідарнасьці сумленных людзей, якім неабыякавы лёс краіны.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

12 жніўня 2007 г.