КЛЯСЫКА, ЯКАЯ НЯ ВЕДАЛА ВАЙНЫ
30 ліпеня 2007 г. Швэдская газэта “Dagens Nyheter” паведаміла пра сьмерць 89-гадовага швэдскага драматурга, рэжысёра і пісьменьніка Інгмара Бэргмана. Сыходзіць цэлае пакаленьне, цэлая эпоха эўрапейскай культуры.
Наш камэнтар: І гэтым разам трэба паўтарыць: на жаль, беларусы ня могуць чытаць літаратурныя творы Бэргмана на роднай мове. Проста няма перакладаў (даецца ў знакі каляніяльная арыентацыя культурнага жыцьця на “велікій і могучій”). З аўтабіяграфічнай кнігі Бэргмана “Laterna Magica” мне запомніўся адзін яркі эпізод. Гэта — паўстаронкі, прысьвечаныя Другой сусьветнай вайне. Бэргман успамінае, як у той час яны рэпіціравалі ў тэатры горада Мальмё, што знаходзіўся зусім непадалёк ад акупаванай немцамі Даніі. Калі над пратокай праляталі амэрыканскія і брытанскія бамбавікі курсам на Нямеччыну, гуло так моцна, што трэба было спыняць рэпетыцыі. Вось і ўся вайна у памяці швэдскага клясіка... Стэфанія Станюта, Зьдзіслаў Стома распавядалі нам у 80-я гады аб драме іхняга ўласнага і народнага жыцьця ў гады той вайны. Які ўсё ж такі розны чалавечы досьвед у клясікаў беларускай і швэдскай культуры.
Валеры Буйвал