РУМЫНСКАЕ ПРАВАСЛАЎЕ

3 жніўня 2007 г. Румынская газэта “Adevarul” піша пра разьвітаньне краіны з памерлым патрыярхам Румынскай Праваслаўнай Царквы Фэакцістам. У рэлігійных цырымоніях бяруць удзел тысячы клірыкаў і вернікаў. Заўпакойную імшу будзе служыць Канстанцінопальскі Усяленскі Патрыярх Барталамэй. Прыехалі высокія прадстаўнікі праваслаўных і іншых хрысьціянскіх цэркваў. Газэта згадвае пра публікацыі ў замежным друку, дзе Фэакціста абвінавачваюць у супрацоўніцтве з рэжымам Чаўшэскі і ў недастатковай уступлівасьці іншым хрысьціянскім канфэсіям. Усе памятаюць, аднак, што менавіта ён запрасіў Папу Рымскага ў Румынію ўпершыню за тысячагоддзе расколу хрысьціянскага касьцёла.

Наш камэнтар: Нават румыны прызнаюць, што патрыярх Фэакціст быў супярэчлівай асобай. Але мы памятаем, як у 1990 годзе Фэакціст выйшаў перад вернікамі ў сталічным саборы і прасіў прабачэньня, каяўся за зьдзейсьнены ім асабіста і іншымі сьвятарамі грэх супрацоўніцтва з бязбожным антынародным рэжымам. Ён прасіў адпусьціць яго з патрыяршага стальца. Але людзі, паверыўшы ягонаму пакаяньню, малілі яго застацца начале нацыянальнай Царквы і пачаць працу духоўнага абнаўленьня краіны. Беларусаў, якія прыязджаюць у Румынію, уражвае нармальны у прынцыпе факт. Румынскае праваслаўе ня мае ніякіх прыкметаў “русской веры” (як у нас многія трактуюць праваслаўную канфэсію). Усё жыцьцё румынскага праваслаўя — гэта служэньне Богу і свайму народу на роднай румынскай мове. На працягу стагоддзяў у румынскай царкоўнай архітэктуры была створана арыгінальная канцэпцыя храма, якой мы не сустрэнем у іншых краінах. Фрэскавыя цыклы ўражаюць сваёй глыбокай духоўнасьцю, яркім каларытам. Румынскі іканапіс таксама прадстаўляе свой, непаўторна нацыянальны стыль. Як памятаем, ані патрыярх маскоўскі, ані менскі Філарэт і не падумалі каяцца ў граху супрацоўніцтва з бальшавіцкім Сатаной. У іх усё ідзе па накатанай дарожцы — “вперёд к победе коммунізма под хоругвью святаго Ніколая ІІ Кровавого...” Мы разумеем, што справа адраджэньня беларускага Праваслаўя яшчэ наперадзе, і займацца ёю будуць не лубянскія “братья і сестры”, а беларусы.

Юрка Марозаў