“АНТРОПОПОТОК І “ПИТЕРОКАНТРАПОПОТОК”

3 жніўня 2007 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” піша пра “творчыя інцыятывы” на расейскай правінцыі. Губэрнатар Ульянаўскай вобласьці С. Марозаў выступіў з лёзунгам “Роди патриота!” Ён заклікае мужчын і жанчын вобласьці зачаць дзяцей менавіта 12 верасьня сёлета. Каб праз 9 месяцаў, 12 чэрвеня (“день Россіі”) нарадзіліся новыя грамадзяне вялікай краіны. Польскі журналіст пералічае абяцанкі Пуціна для шматдзетных сем'яў, сем'яў, якія паедуць жыць у вёску і г.д. Параўноўвае гэта з гуманітарнымі праграмамі ў заходніх краінах. Нагадвае пра катастрафічнае змяншэньне насельніцтва Расеі.

Наш камэнтар: Польскі рэпарцёр піша пра ўсё гэта на поўным сур'ёзе. Можа ён ня ведае, што чарговая шумная кампанія на прасторах імпэрыі скончыцца чарговым раскраданьнем грамадзкіх сродкаў? Выміраньне шматпакутнага расейскага народу працягваецца, ягоныя тэмпы прама прапарцыйныя ўзбагачэньню злачынных крамлёўска-лубянскіх элітаў. Паляку трэба было б нагадаць пра апошняе шчырае выказваньне Пуціна. Начальнік імпэрыі заявіў, што Расею выратуе “антропопоток из ближнего зарубежья”. Ён меў на ўвазе перш за ўсё высмоктваньне кваліфікаваных рабочых і інжынэраў, інтэлектуальных сілаў з нашай Беларусі. Узамен Масква ўжо даўно арганізоўвае праз неіснуючую дзяржмяжу “пітэракантропапаток” са сваёй тэрыторыі ва ўсходнія раёны Беларусі з сотняў тысячаў расейскіх асацыяльных элемэнтаў, бамжоў, наркаманаў і злачынцаў.

Юрка Марозаў