“ЭТО ПРЕКРАСНАЯ ІДЕЯ”
“Істінно русскій” канал пад назовам БТ ўсё-ткі трэба рэгулярна глядзець (хаця многія і не вытрымліваюць гэтага выпрабаваньня). 21 ліпеня БТ цэлы дзень паказвала страката-аптымістычны сюжэт з Валожынскага раёну. На выходны дзень туды вывезьлі некалькі сотняў супрацоўнікаў сталічнай беларускай міліцыі з семьямі. Яны адпачывалі, зьбіралі грыбы і ягады, праводзілі вясёлыя віктарыны і конкурсы. “Это прекрасная ідея. Особенно всё понравілось детям” — сказаў у тэлекамэру мужчына, пераможца конкурсу на званьне “Лучшій папа”. А ўвечары таго ж дня БТ ў рамках экалягічных навінаў паказала іншы сюжэт з Валожыншчыны. Невядомыя ўжо даволі даўно пашкодзілі папяраджальныя транспаранты са знакамі радыяцыйнай небясьпекі. Дыктарка распавяла, што ў гэтым раёне высокі ўзровень радыяцыі, што ніякіх дароў прыроды там зьбіраць нельга, ёсьць сур'ёзныя экалягічныя праблемы і г.д. Раім “главному папе” і астатнім маці і бацькам, якія працуюць у беларускай міліцыі, падумаць над тым, што адбылося ў той нядзельны дзень, каму спатрэбілася кашмарнае шоў з удзелам іхных дзяцей на атручанай зямлі. Даўняя завядзёнка антычалавечых рэжымаў — выкарыстоўваць людзей у пагонах у розных масавых экспэрымэнтах. Але пры чым тут іхныя дзеці?!
Янка Базыль