ПАШЫРАЮЦЦА РЭПРЭСІІ СУПРАЦЬ БЕЛАРУСКАЙ МОЛАДЗІ

Менск. Чатырнаццаць актывістаў моладзевага беларускага руху знаходзяцца ў менскай турме на вуліцы Акрэсьціна. Кожнага зь іх затрымалі днямі “людзі ў цывільным” (кагэбісты). Адных абвінавацілі ў распаўсюдзе ўлётак з заклікам удзельнічаць у вулічных акцыях, іншых — у нецэнзурнай лаянцы. Сёньня сьпіс арыштаваных папоўніў Аляксей Шыдлоўскі. Аляксей заявіў, што гэта прэвэнтыўны арышт напярэдадні сьвяткаваньня Дня незалежнасьці.

Такім чынам, напярэдадні Дня Незалежнасьці ў Менску міліцыянты затрымалі больш за два дзясяткі чалавек. На кватэрах моладзевых актывістаў адбыліся ператрусы. Толькі ўчора суды пакаралі дзесяць чалавек. Амэрыканская амбасада асудзіла арышт Паўла Севярынца і Аляксея Шэіна і заклікала вызваліць усіх палітвязьняў.

За кратамі адбываюць арышт Юры Вольфсан, Аляксей Бондар, Валянцін Сакалоўскі, Аляксандар Чарнышоў, Сяргей Клюеў ды іншыя моладзевыя актывісты.

Адміністрацыя турмы на вуліцы Акрэсьціна адмаўляецца прымаць харчовыя перадачы і выводзіць арыштаваных на шпацыр, як патрабуюць новыя правілы ўтрыманьня.

Арыштаваныя скардзяцца на задуху. Але мэдсястра патлумачыла, што ў камэрах ёсьць маленькія форткі, і гэтага, на яе думку, дастаткова. Кіраўнікі турмы спасылаюцца на тое, што ў двары няма месца для шпацыру.

(Паводле радыё Свабода. Любоў Лунёва)