ПАМЁР БЫЛЫ КАРОЛЬ АЎГАНІСТАНУ
23 ліпеня 2007 г. Аўстрыйская газэта “Der Standard” паведамляе з Аўганістану. У Кабуле памёр 92-гадовы Магамэд Захір Шах, былы кароль Аўганістану. Ён нарадзіўся ў 1914 г. Уступіў на трон у 1933 г. пасьля таго, як быў забіты ягоны бацька, кароль краіны. Да 1953 г. краінай кіравалі ягоныя два дзядзькі, а потым ён стаў паўнавартасным гаспадаром краіны, пачаў праводзіць рэформы сярэднявечнага грамадзтва (адмяніў чадру, заняўся разьвіцьцём эканомікі і мадэрнізацыяй). У 1973 г. падчас паездкі караля ў Італію ягоны пляменьнік Дауд зрабіў дзяржаўны пераварот у Кабуле і адхіліў караля ад улады, абвясьціўшы сябе прэзыдэнтам. З тае пары адстаўны кароль жыў у эміграцыі ў Італіі. У Аўганістан ён вярнуўся толькі ў 2002 г., каб дапамагчы народу ў аднаўленьні краіны пасьля падзеньня рэжыму талібаў і ўсёй папярэдняй трагедыі, якая пачалася ў 1978-79 гг. пасьля “сацыялістычнай рэвалюцыі” і расейскага нашэсьця.
Наш камэнтар: З Захір Шахам адыходзіць цэлая гістарычная эпоха. У 1914, а потым у 1939 гг. Лоя-Джырга (вышэйшы сход старэйшынаў плямёнаў і кланаў Аўганістана) заявіла пра нэйтралітэт краіны ў сусьветных ваенных канфліктах. Аўганістан на працягу дзесяцігоддзяў заставаўся ў баку ад вялікіх палітычных і сацыяльных катаклізмаў. Спробы Масквы ў 1920 г. арганізаваць у Кабуле бальшавіцкі пераварот скончыліся апэратыўнай ліквідацыяй мясцовых бальшавікоў і маскоўскіх эмісараў. На працягу 20-х гадоў Аўганістан адбіўся яшчэ ад дзьвюх спробаў “сацыялістычнага вызваленьня” (расейскай інвазіі на ягоную тэрыторыю).
Грамадзтва жыло сваім традыцыйным жыцьцём. Рэформы Захір Шаха спрыялі мадэрнізацыі краіны. Ён падтрымліваў прыязныя адносіны з СССР і заходнімі краінамі. Інспіраваныя Масквой перавароты 1973 і 1979 гг. распачалі трагічны пэрыяд нацыянальнай гісторыі, які ня скончаны дагэтуль. Для большасьці аўганцаў кароль быў і заставаўся да апошняга часу сымвалам адзінства шматнацыянальнага грамадзтва і стабільнага Аўганістана. Людзі называлі яго Бацькам Нацыі. Маскоўскі спрут разбурыў краіну вялікай культурнай традыцыі (уштурхнуўшы ў працэс разбурэньня тысячы маладых беларусаў). Ня можа быць выбачэньня крываваму імпэрскаму злачынству Крамля.
Юрка Марозаў