ЗА РАЗМОВУ І ПІСАНЬНЕ ПА-БЕЛАРУСКУ БУДУЦЬ СУДЗІЦЬ, ШТРАФАВАЦЬ І САДЗІЦЬ

Дзеля гэтага беларусафобны рэжым (які зьнішчае беларускую мову, школу і культуру) прыдумаў свае правілы для беларускай мовы, якія хочуць увесьці ў рэжымны закон. Раней гэта ўжо рабіў Сталін і сталіністы, якім, аднак, удалося пазьбегнуць пакараньня. Лукашыстам яго пазьбегнуць, усё ж, не ўдасца. Ідзе накапленьне зьнявагі і нянавісьці.

***

На “русскоязычных” парталах РБ ў сярэдзіне ліпеня зьявіліся паведамленьні пад тытулам “У белорусов будет новая мова”. Лукоўскія “палаткі” прагаласавалі за прыняцьце чарговага русіфікацыйнага закону супраць беларускай мовы. Старшыня палатачнай камісіі “па адукацыі, культуры і навуцы” Ул. Здановіч камэнтуе ў сеціве гэты чарговы антыбеларускі закон “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. Прадугледжаны штрафы за выкарыстаньне ў друку “тарашкевіцы”. Цяпер ворганы будуць сачыць за тым, каб “белоруссы правільно выражалісь на своей мове”. Палатачны старшыня паабяцаў не караць Максіма Багдановіча за тое, што ён быў напісаў: “Цьвяток радзімы васілька...” (па-беларуску, маўляў, будзе “кветка”). Цынічны “заканадаўца” з крывой усьмешачкай плавае, вядома, і ў акупацыйнай мове, але напэўна ён недзе чуў, што лексіка паэзіі значна багацей за штодзённую лексіку і падпарадкоўваецца іншым законам. Напрыклад, любімы русіфікатарамі А.С. Пушкін напісаў быў: “И тонут лодки рыбарей...” Як вядома, лоўца рыбы называецца “rybar” толькі на славацкай мове. Па-расейску ён называецца “рыбак”. Аднак, Пушкін дзеля рыфмы выкарыстаў слова з пацінай стараславянскай даўніны, і ніхто за гэта не зьдзіраў з яго штраф. Праўда, гэта даўно было. А цяпер адчыняюцца такія магчымасьці, такія пэрспэктывы! Як казаў адзін гістарычны беларусафоб: “ножічкам бы вас всех, ножічкам”. Працэс ганьбаваньня і зьнішчэньня нашай мовы будзе спынены ў дзень краху антыбеларускага марыянэткавага рэжыму. Неадкруцяцца.

Юрка Марозаў