ВАСАЛЫ ПРАГАВАРЫЛІСЯ

15-16 ліпеня расейскія СМІ застракацелі тытуламі “Провал польской разведки в Белоруссии”. БТ ў гэты час паказвала і расказвала, як КГБ РБ злавіла 5 шпіёнаў. Адзін, маўляў, сам зьявіўся на менскую Лубянку і ва ўсім пачаў прызнавацца. Другі, маўляў, вёз у Польшчу надта шмат гарэлкі і калі яго затрымалі палякі, то пагадзіўся супрацоўнічаць з іхнымі “ворганамі”. Цікава, што расейскія СМІ паведамляюць, што “шпіёны не пасьпелі нанесьці шкоды абароназдольнасьці Белоруссіі”. А вось па БТ выступіў нам. начальніка КГБ РБ В. Вегера і заявіў, што “не пасьпелі нанесьці шкоды Белоруссіі і Россіі”. Розьніца, як разумеем, вельмі істотная. Узьнікае пытаньне: а каму служаць, абароназдольнасьць якой дзяржавы мацуюць тав. Вегера і ягоныя калегі? Нават расейскія майстры ад прапаганды скемілі, што трэба выказвацца больш далікатна, каб ня лезла ў вочы праца спэцслужбаў РБ на чужую дзяржаву. Хаця тав. Вегера раскрыў таямніцу полішынэля. Усе ведаюць, што супрацьпаветраная абарона Беларусі падпарадкавана Маскве і абараняе Маскву (сучасныя комплексы С-300), што цэлыя палкі беларускіх жаўнераў і афіцэраў служаць “на благо велікой Россіі”. Цяпер вось з Масквы паступіў загад нанесьці яшчэ адзін удар па дабрасуседзкіх польска-беларускіх адносінах. Помста за плян разьмяшчэньня амэрыканскага антыракетнага шчыта ў Польшчы. Беларусы ў каторы раз выкарыстоўваюцца як пешкі ў крамлёўскай гульні.

Янка Базыль