НА РАЗЬВІТАНЬНЕ З ГЕНАДЗЕМ БАНКЕВІЧАМ

Не жыве больш наш Генадзь Уладзімеравіч Банкевіч — ветэран Беларускага Народнага Фронту з першых дзён яго заснаваньня. 6-га ліпеня ён памер.

Гэта быў той моцны Беларус, якога не зламала ні доўгае жыцьцё пад саветамі, ні савецкая армія, дзе ён, кадравы афіцэр, правёў частку свайго жыцьця. Ён не забыўся ні мову, ні Бацькаўшчыну, як гэта здарылася зь іншымі кадравымі ваеннымі. І таму ня дзіўна, што як толькі ўтварыўся Народны Фронт, Генадзь Уладзімеравіч апынуўся ў актыўных яго шэрагах.

Генадзь Уладзімеравіч Банкевіч належаў да тых энэргічных фронтаўцаў, якія ўмеюць дзейнічаць, працаваць і арганізаваць. Ён быў чалавекам, на якога можна было пакласьціся, які датрымліваў слова і арыентаваўся ў складаных пытаньнях.

Пачынаючы з 1989 г., Генадзь Банкевіч выбіраўся ва ўсе Соймы Беларускага Народнага Фронту, кіраваў рэгіянальнымі структурамі, каардынаваў працу, рабіў шмат руціннай, цяжкай, жмуднай працы, але патрэбнай і неабходнай у палітычнай справе.

Гэта быў вядомы і патрэбны чалавек у Фронце, з выразнай беларускай адраджэнцкай пазыцыяй, якую ніхто ня мог пахіснуць ніякімі хітрыкамі, казуістыкай, ды прагматычнымі разважаньнямі. Генадзь Банкевіч добра ведаў беларускі шлях і йшоў гэтай дарогай да канца.

Цяжкая невылечная хвароба падкасіла ягоныя сілы і забрала жыцьцё. Добрая памяць пра Генадзя Уладзімеравіча Банкевіча застанецца ў нас назаўсёды. Хай будзе мяккай яму наша родная зямля, дзеля якой ён жыў, працаваў і змагаўся

Зянон Пазьняк

Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

8 ліпеня 2007 г.