ЛІПЕНЬСКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ

8 ліпеня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Справа пачынаецца з дзеяньня” (публікуецца). Выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца на Беларусі абавязкаў старшыні Фронту і Партыі, сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі і сп. Валеры Буйвал, сакратар Управы Фронту і Партыі.

Выступоўцы паведамілі пра разгортваньне прамаскоўскім рэжымам працэсу татальнай русіфікацыі і асіміляцыі беларускага грамадзтва. Стала вядома, што ў фондах Беларускага Тэлебачаньне актыўна вядзецца зьнішчэньне відэаматар’ялаў, прысьвечаных дзеячам нацыянальнай культуры, праграмаў зь беларускай песьняй і словам (яны захоўваліся нават у савецкі пэрыяд). Ненавісьнікі Беларусі спрабуюць пазбавіць беларусаў культурнай спадчыны, прадэманстраваць, што ў нашага народу “не было і няма адметнай культуры”. Нават старажытнае народнае сьвята Купальле рэжым імкнецца ператварыць у дзікую “істінно русскую” пьянку. Мясцовыя ўлады па ўсёй краіне абавязаны па загаду з цэнтру на гэтае сьвята забясьпечыць насельніцтва аўталаўкамі з гарэлкай, рэстараны і гарэлачныя аддзелы крамаў павінны працаваць кругласутачна. Пад выглядам “насьледваньня традыцыі” робяцца заклікі да зьдзяйсьненьня актаў вандалізму і зьнішчэньня маёмасьці грамадзянаў. Такога ніколі не было ў беларускай традыцыі сьвяткаваньня Купальля. Але рэжым імкнецца прыраўняць народнае сьвята да манструальнага афіцыёзу на 3 ліпеня. Выдатныя творцы, таленавітыя гурты, усе тыя, хто сьпявае па-беларуску, ізаляваны ад народа. Дзяржаўную падтрымку, рэкляму, фонды і г.д. атрымлівае маса бездарных копіяў маскоўскай псэўдакультуры. Нізкі ўзровень рускамоўнай эстрады і іншых жанраў мясцовай маскультуры па законах прафанацыі выдаецца за “беларускую культуру”. “Шэфства” над апошнімі беларускамоўнымі гімназіямі бяруць на сабе раёны Масквы. “Шэфы” завальваюць гэтыя асяродкі беларускай культуры расейскай выдавецкай макулатурай, і гэта лічыцца культуртрэгерствам.

Рэжым перайшоў да татальнага запалохваньня ўсіх слаёў беларускага грамадзтва. Цяпер за любыя парушэньні ў вядзеньні дакумэнтацыі, невыкананьне вытворчага пляну кіраўнікі прадпрыемстваў будуць прыцягвацца да крымінальнай адказнасьці. Тыя, хто думаў зрабіць кар’еру пад антыбеларускай уладай, пачынаюць баяцца за сваё жыцьцё. Грамадзтва перажывае шок пасьля адмены ільготаў і сацыяльных выплатаў пэнсіянэрам, інвалідам, сіратам і г.д. У сувязі з ростам сацыяльнага незадавальненьня рэжым актывізаваў дзеяньні сваёй псэўдаапазыцыі з мэтай дэзінфармацыі і заблытваньня людзей. У Курапатах (ня могучы ўжо далей адмаўляць факту генацыду беларусаў) зьявіліся “экскурсаводы”, якія распавядаюць людзям, як тут “беларусы расстрэльвалі беларусаў, і амаль не засталося парэшткаў ахвяр”. Але ім ня ўдасца пачварнай хлусьнёй падмануць беларусаў, навязаць ім комплекс віны за злачынствы, зьдзейсьненыя маскоўскімі акупантамі. Паездкі псэўдаапазыцыі ў Маскву і Берлін, дзе вячоркі-лебедько-мілінкевічы “распрацоўваюць стратэгію апазыцыі” і абмяркоўваюць “пляны больш эфэктыўнай інтэграцыі Беларусі ў Расею”, зьяўляюцца дэманстрацыяй антынароднай і антыдзяржаўнай дзейнасьці гэтых палітычных імітатараў.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны паведамілі пра дзеяньні лубянскай агентуры, якая пачала праводзіць апытаньні і “прафіляктычныя размовы” у працоўных калектывах. Галоўная тэма агентурных апытаньняў і выступаў — “што вы думаеце пра нацыянальную беларускую ідэю?” Адчуваецца, што рэжым панічна баіцца гуртаваньня беларускага народу вакол нацыянальнай ідэі. Таму ўсімі намаганьнямі рэжым і прысьцёбнутая да яго псэўдаапазыцыя спрабуюць падсунуць беларусам замест нацыянальных каштоўнасьцяў савецка-расейскі сурагат і псэўдаэўрапейскую рыторыку. Толькі сіла Праўды, Беларуская Салідарнасьць здольныя разбурыць падступныя пляны антыбеларускіх структураў.

Сойм ухваліў дзейнасьць структураў Партыі па рассылцы чыноўнікам вертыкалі, адукацыі і культуры матэрыяла “Асіміляцыя — злачынства супраць чалавецтва”. Рэкамендаваў структурам Партыі пашырыць інфармаваньне грамадзкіх структураў аб сутнасьці злачыннай русіфікацыі.

Пасьля паседжаньня сябры Сойму накіраваліся да помніка Янку Купалу ў цэнтры сталіцы. Там сабралася шмат людзей, каб ушанаваць памяць вялікага песьняра. Да помніка былі ўскладзены кветкі. Людзі прасьпявалі песьню “Не загаснуць зоркі ў небе”.

Гэты дзень стаў днём жалобы для беларускіх патрыётаў. Сотні людзей сабраліся ў Менску, каб разьвітацца з Генадзем Уладзіміравічам Банкевічам (1930–6.07.2007), сябрам Сойму Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, вэтэранам адраджэнскага руху. Сябры і палечнікі гаварылі пра мужнасьць, нязломнасьць, прынцыповую пазыцыю Генадзя Уладзіміравіча, успаміналі гады барацьбы за незалежную Беларусь, за нашу культуру і мову. Людзі сьпявалі гімн “Магутны Божа”. Жалобная працэсія прайшла пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі. Сп. Банкевіч быў пахаваны на Паўночных могілках сталіцы.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

8 ліпеня 2007 г.