НУЛЬ ДЛЯ КУЛЬТУРЫ, МІНУС ДЛЯ БЕЛАРУСІ

27 чэрвеня 2007 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” піша пра перакладчыкаў, якія абслугоўваюць перамовы з замежнымі прадстаўнікамі для вышэйшага кіраўніцтва краіны. Паўстае праблема дзяржаўнай бясьпекі і захаваньня дзяржтаямніцы, бо перакладчыкі ведаюць вельмі далікатныя рэчы. А да таго ж тыя ж самыя перакладчыкі служаць пры розных урадах: як левых, так і правых. Акрэм таго, для перакладу на так званыя рэдкія мовы МЗС запрашае людзей “з вуліцы”. У сталым штаце МЗС знаходзяцца толькі правераныя кадры з распаўсюджанымі мовамі.

Наш камэнтар: Што называецца, нам бы вашы праблемы. У Польшчы дзейнічае цэлая армія выдатных лінгвістаў, перакладчыкаў. Зразумела, што перакладаюць яны на дзяржаўную мову. На Беларусі няма такой структуры, прафэсійнага цэху перакладчыкаў. Тое (шматлікае і фанабэрыстае), што ёсьць — гэта правінцыйная “русскоязычная” копія чужой суседняй дзяржавы. Абсалютная большасьць гэтых “перакладчыкаў” ня можа дзьвюх словаў зьвязаць на дзяржаўнай беларускай мове. У лепшым выпадку яны махаюць рукамі, як крыламі млына, і гукаюць: “Меня этому не учілі в ін'язе!” У горшым дэманструюць лютую нянавісьць да мовы нашага народу і нашай дзяржавы (мабыць, навучыліся гэтаму ў сваім “ін'язе”). Калі праходзіш каля згаданай канторы ў цэнтры сталіцы, то бачыш натоўп заспаных паненак, якім сумна і няма, чым заняцца. Прафэсурка вучыць іх на звонкай расейшчыне і думае, што так будзе вечна. Вядома, што ў сьценах гэтага “вну” з выключнай актыўнасьцю дзейнічае КГБ, вярбуючы агентуру рознага пашыбу. Вынік больш чым 50-гадовага існаваньня “ін'яза” практычна нулявы для беларускай культуры, лінгвістыкі і дзяржавы. У вызваленай ад прарасейскага рэжыму ўся гэтая публічка апынецца незапатрабаванай. Толькі тыя з іх, што паходзяць з беларускага асяроддзя і ведаюць беларускую мову, будуць працаваць па прафэсіі. Русіфікатарам прыйдзецца тэрмінова вучыць беларушчыну (ці здольныя яны на гэта са сваёй нянавісьцю?) або ехаць у любімую Расею, дзе з іх будуць кпіць і смяяцца, бо на сапраўднай расейшчыне гэтыя бездары так і не навучыліся “грамотно говоріть”.

Валеры Буйвал