25 чэрвеня 2007“ІГУМЕНСКІ ШЛЯХ” — ДАРОГА ПАМЯЦІ24 чэрвеня Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ арганізавала штогадовыя мэмарыяльныя мерапрыемствы паблізу г. Чэрвеня (былы Ігумен) Менскага раёну. Да сяброў Партыі далучылася шмат дзяўчат і хлопцаў — маладых беларускіх патрыётаў. Удзельнікі пачалі Шлях ад будынка былой Ігуменскай турмы. Гэты астрог расейскія акупанты нашай зямлі пабудавалі яшчэ на прыканцы 18 стагоддзя. Ворагі Беларусі пакарысталіся турмой і ў чэрвені 1941 года, калі каты НКВД гналі калёны вязьняў з Менскай турмы ў бок Расеі. Палітычных вязьняў вывелі з Ігуменскай турмы 25 чэрвеня і пагналі па дарозе. У лясным масіве Цагельня расейцы адкрылі агонь па нявінных людзях і забілі больш за 700 чалавек.Зразумела, што ў савецкія часы было забаронена згадваць пра ігуменскую трагедыю. З 1990 г. Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” пачаў праводзіць мэмарыяльныя акцыі ў памяць ахвяраў расейскага тэрору. Людзі ўсталявалі манумэнтальныя крыжы на магілах ахвяраў.Сёлетнія мэмарыяльныя мерапрыемствы распачалася сьпяваньнем духоўнага гімну “Магутны Божа”. Выступілі выканаўца абавязкаў старшыні на Беларусі Фронту і Партыі сп. Юры Беленькі, сакратары Управы Фронту і Партыі сп. Алесь Чахольскі і Валеры Буйвал. Выступоўцы казалі пра народную памяць аб ахвярах, пра гістарычную драму нашага народу. Як і шэраг іншых народаў, беларусы апынуліся паміж двума дзікімі ворагамі: германскім фашызмам і расейскім бальшавізмам. Калі пачалася гітлерская агрэсія супраць саўдэпіі ў чэрвені 1941 г., паўсюль — у Прыбалтыцы, на Беларусі, Украіне і Малдове — НКВД пачаў зьнішчаць дзесяткі тысячаў людзей, незаконна рэпрэсіраваных паводле палітычных абвінавачваньняў (крымінальнікаў расейскія акупанты адпускалі на волю як “класава блізкіх савецкай уладзе). Фашыстоўскія зьверствы наклаліся на расейска-бальшавійкія зьверствы з першых дзён нямецка-маскоўскага канфлікту. Няма выбачэньня ні адным забойцам, ні другім.Ворагі забівалі бяззбройных беларусаў і думалі лёгка скарыць наш народ. Але беларусы змагаліся супраць акупантаў як на Усходзе, так і на Захадзе (у Польшчы, Францыі, Нарвэгіі, Нідэрляндах, Італіі, у Паўночнай Афрыцы). Наш народ не пагадзіўся з рольлю пасіўнай ахвяры гвалтаўнікоў і біў ворага мужна і па-майстэрску.Выступоўцы нагадалі пра сёньняшнюю згоду двух драпежнікаў — Масквы і Берліна, якія заключаюць антыбеларускія, антынародныя пакты ў Томску і іншых месцах і зноўку дзеляць уплывы ў Эўропе паміж сабой. Змагаючыся супраць фашызму падчас Другой сусьветнай вайны, беларусы марылі пра лепшую долю. Але наш народ падманулі і зноў паняволілі, таму што не было тады нацыянальнай Беларускай Дзяржавы. Трагічныя ўрокі мінуўшчыны дыктуюць нам ясныя высновы. Цяпер мы маем сваю нацыянальную Дзяржаву, нават акупацыйны прамаскоўскі рэжым ня здольны разбурыць яе. Расейскія агрэсары і іхныя германскія хаўрусьнікі павінны ведаць: калі трэба наш народ, наша моладзь будуць бараніць Беларусь ад нашэсьця як з Усходу, так і з Захаду. Беларусы будуць біць акупантаў у адпаведнасьці з Канстытуцыяй, у адпаведнасьці з прыродным правам і нашай нацыянальнай традыцыяй. Каб не паўтарыўся генацыд, што наладзілі нашаму народу маскоўскія і германскія акупанты. Будучыня Беларусі — сьветлая і прыўкрасная — павінна быць абаронена. Наша сіла — у Беларускай Народнай Салідарнасьці.Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ24 чэрвеня 2007 г.