“РАІМ ТАВАРЫШУ МАРЫНІЧУ...”

А аўстрыякі так стараліся, працавалі “не покладая рук” над справай абароны расейскіх інтарэсаў у Беларусі. Мы пісалі на старонцы pbpf.org пра тое, як у Аўстрыю пачаў апошнім часам актыўна езьдзіць псэўдаапазыцыянэр М. Марыніч, як ён разам з расейскімі прадстаўнікамі праводзіць у Вене канфэрэнцыі і падпісвае праекты “Стратэгіі для Беларусі” (у якіх няма аніслова пра беларускія нацыянальныя інтарэсы, а ўсё йдзецца пра інтарэсы Расеі і Захаду), як усё гэта непасрэдна аплочвае Аўстрыйскі Народны Банк.

Масква шчодра адудзячыла сваіх аўстрыйскіх партнёраў па зьнішчэньню Беларусі. Яшчэ 11 чэрвеня ў Вене аўстрыйскія спэцслужбы арыштавалі расейскага грамадзяніна. Калі яго вялі ў кутузку, ён упіраўся і шумеў, што ён “вучоны і прыехаў на навуковую канфэрэнцыю па космасу”. Пакуль ён сядзіць у спэцтурме ў Зальцбургу, скандал набірае абароты. Адначасова з неназваным пакуль па імені “вучоным” у Вене быў арыштаваны аўстрыйскі вайсковец, які перадаў расейцу сакрэтныя дадзеныя пра дзейнасьць ваенна-паветраных сілаў Аўстрыі. Адным словам, “чыстая навука і нічога больш”. Высьветлілася таксама, што арыштаваны расеец шэраг гадоў працуе у камісіі ААН па космасу (ААН — вядомы гэбоўскі мурашнік). Раім таварышу Марынічу больш ня езьдзіць у Вену, а то пад гарачую руку прыхопяць таксама ў рамках хапуна пасьля чарговага правалу лубянскай апэрацыі.

Валеры Буйвал