“І ЗНОЎ ПІЛІКАЕ ЗНАЁМАЯ ШАРМАНКА”

Дарагія беларусы, маладыя патрыёты, не хадзіце на бессэнсоўныя маршы за правальнай гэбоўскай агентурай!

19 чэрвеня у паштовыя скрынкі грамадзянаў сталіцы былі раскіданы газэткі-лісткі пад тытулам “За свабоду!” (надрукаваныя ў друкарні “Нева” у Пецярбурзе). “Русскіе товарішчі” аказалі друкарскую дапамогу “вялікім менскім барацьбітам за дэмакратыю і хутчэйшую, чым з Лукашэнкам, інтэграцыю Беларусі ў Расею”. Мяркуючы па назову газэткі “вялікія барацьбіты” шыхтуюцца вакол Мілінкевіча. Але паводле іхных прозьвішчаў зразумела, што гэта ўсё тая ж грантаўская каманда з “Хартыі-97”. Цытуем з газэткі (на мове арыгіналу) “барацьбіта” Д. Бандарэнку. Ён папярэджвае пра непазьбежнасьць сацыяльна-эканамічнай катастрофы, а потым робіць выснову:

“Из этого тупика нужно искать выход. Лучше, чтобы это был выход через диалог власти и оппозиции. Диалог о демократических и рыночных преобразованиях в стране. Под совместным давлением Европы и оппозиции власть постепенно идёт на попятную — уже освобождены несколько политических заключённых. Сегодня девизом возможного общенационального диалога могут стать слова — “За Свободу! За Беларусь!” Демократическим силам необходимо принять самое широкое участие в республиканской общественно-патриотической кампании “За независимую Беларусь!”, которая должна завершиться совместным празднованием в центре белорусской столицы”.

Вядомы правакатар Бандарэнка заклікае да дыялёгу і сумесных сьвяткаваньняў з антыбеларускім рэжымам, які, аказаваецца, “пошёл на попятную”. Мабыць гэтая “попятная” заключаецца ва ўзмацненьні паліцэйскага перасьледу змагарнай моладзі, у дзікай русіфікацыі і шалёнай ліквідацыі элемэнтарных ільготаў для старых, дзяцей і інвалідаў (сабе рэжым льготы, зразумела, пакінуў). Псэўдаапазыцыя ў чарговы раз заклікае беларусаў сьвяткаваць штучны савецкі “празднік” разам з антыбеларускім рэжымам, каб у сьведамасьці людзей усё размылася і зблыталася канчаткова.

У той самы час правакатары-блытальшчыкі шумна рыхтуюць свае “аўтаномныя” скокі. Цытуем з газэткі А. Саннікава: “Уже этой осенью демократические силы готовят проведение Европейского Марша — акции, которая продемонстрирует желание белорусов жить в единой Европе. И власти, которые в последнее время говорят о важности европейского выбора для белорусской экономики, могли бы поддержать проведение Марша”.

Грантасмокі напружана надзьмуваюць чарговую пустышку. Мы памятаем, чым скончыліся бессэнсоўныя і тупыя папярэднія “маршы” гэтай публікі на пачатку 2000-х гадоў. З кожным “маршам” людзі пераконваліся ў бессэнсоўнасьці хаджэньня па вуліцах за псэўдаапазыцыяй і гуканьня пра “лучшую жізнь” (лёзунгі барацьбы супраць расейскай агрэсіі псэўдаапазыцыя надзейна схавала пад спод). У выніку ўсё менш людзей прыходзілі на вулічныя акцыі, падстаўныя здолелі цалкам разбурыць гэтую форму барацьбы.

Цяпер сасьпела новае пакаленьне беларускай патрыятычнай моладзі. Менавіта яе падстаўны Саннікаў і ягоныя сябрукі хочуць выкарыстаць у “европейском марше”, кінуць моладзь пад удар, зрабіць здымкі і атрымаць на Захадзе гранты “за геройства”. І зноў пілікае знаёмая шарманка пра тое, што трэба ісьці на “марш” у абдымках з антыбеларускім рэжымам. У гэтыя ж дні актывізаваўся яшчэ адзін падстаўны “змагар”. У правінцыйнай баранавіцкай прэсе падаў голас вядомы М. Статкевіч. Ён запрапанаваў выкарыстоўваць у якасьці сьцяга барацьбы за Беларусь — сьцяг Эўразьвязу. Дарагія беларусы, маладыя патрыёты, не хадзіце на бессэнсоўныя маршы за правальнай гэбоўскай агентурай!

Янка Базыль