ВАСІЛЬ БЫКАЎ. ЧАЦЬВЕРТЫЯ ЎГОДКІ ПАМЯЦІ

22 чэрвеня сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі сабраліся ля магілы вялікага беларуса Васіля Быкава на Усходніх могілках у Менску. Да грамады далучылася шмат моладзі. Былі ўзьнятыя нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі. Мэмарыяльнае мерапрыемства было прысьвечана 4-м угодкам сьмерці вялікага пісьменьніка. Людзі засьпявалі гімн “Магутны Божа”, усклалі да надмагільнага помніка кветкі, запалілі сьвечкі. Выступоўцы казалі пра Васіля Уладзіміравіча, ягонае змагарнае жыцьцё і геніяльную творчасьць. Людзі ўспаміналі пра актыўны ўдзел Васіля Быкава ў палітычнай працы Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ (ён атрымаў быў партыйнае пасьведчаньне за № 1). Кнігі Быкава — гэта расповед пра наш народ і нашае жыцьцё. Перакладзеныя на дзесяткі моваў сьвету, менавіта ягоныя творы даносяць іншым народам праўду пра беларусаў. Не здарма антыбеларуская дыктатура так ненавідзела гэтага вялікага чалавека. У вызваленай Беларусі абавязкава будзе ўшанавана памяць Васіля Быкава, будуць створаны помнікі, ягоным імем будуць названы вуліцы і плошчы, будуць выдавацца ягоныя творы. Сьпевам гімну “Магутны Божа” быў завершаны мэмарыльны мітынг.

Але раптам наперад выскачылі некалькі дзеячыкаў з мілінкевіцкага “руху” “За свободу” (прысутныя пазналі іх — гэтыя асобы на працягу гадоў паўдзельнічалі ва ўсіх групоўках і груповачках: Маладым Фронце, Зубрах і г.д.). Дзеячыкі распачалі сваю прамову: “Сёньня — сьвята... Сьвяточныя мерапрыемствы ў Беларусі...” (Якое “сьвята”, варвары!). Пачуўшы гэта, людзі адвярнуліся ад іх і пайшлі прэч. Нават у такі памятны дзень і ў такім месцы падстаўныя не даюць спакою сваёй блюзьнерскай і фальшывай балбатнёй.

Янка Базыль