ЮБІЛЕЙНАЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ Ў ПОЛЬШЧЫ

14-18 чэрвеня ў Варшаве і Вроцлаве адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды 25-х угодкаў утварэньня падпольнай патрыятычнай арганізацыі “Змагарная Салідарнасьць”. Арганізацыя ўзьнікла ў чэрвені 1982 г., калі частка сяброў незалежнага прафсаюза “Салідарнасьць” не пагадзілася з Лехам Валенсам і ягонымі прыхільнікамі, якія заклікалі зьняць антысавецкія і антырасейскія лёзунгі і імкнуцца да дыялёгу з уладамі.

Узначаліў арганізацыю Карнэль Маравецкі. Сотні змагароў па ўсёй Польшчы (найбольш актыўна ў Вроцлаве) працавалі ў падпольных друкарнях, выпускалі апазыцыйныя газэты і ўлёткі, распаўсюджвалі праўдзівую інфармацыю па краіне і па-за яе межамі. “Змагарная Салідарнасьць” арганізоўвала антыбальшавіцкія дэманстрацыі і страйкі. Дзякуючы дысцыпліне і майстэрству канспірацыі, камуністычныя спэцслужбы Польшчы і маскоўскі КГБ так і ня здолелі інфільтраваць і зьнішчыць арганізацыю.

Многія казалі тады, што “трэба саступіць”, “быць больш лагодным і пайсьці на пагадненьне з уладамі”, “шукаць разуменьня ў Маскве” і г.д. Але змагары працягвалі барацьбу. Яны асудзілі Валенсу і кіраўніцтва прафсаюза “Салідарнасьць” за заключэньне пагадненьняў “круглага стала” з камуністамі ў 1989 годзе. Патрыёты патрабавалі поўнай ліквідацыі камуністычнага ладу і суду над камунізмам дзеля ўсталяваньня сапраўднай дэмакратыі. Тысячы людзей (у асноўным моладзь) выйшлі тады на дэманстрацыі па закліку “Змагарнай Салідарнасьці” і біліся з паліцыяй. Але згоднікі ўсяроўна зрабілі па-свойму, называючы барацьбітоў “экстрэмістамі”.

Час паказаў, што “Змагарная Салідарнасьць” мела рацыю. Прэзыдэнцтва Валенсы, а потым два прэзыдэнцкія тэрміны былога камуніста Квасьнеўскага былі правальнымі для Польшчы. Праз 17-18 гадоў пасьля даўніх падзеяў толькі цяпер польскае кіраўніцтва і грамадзтва пачынаюць праводзіць люстрацыю, ачышчэньне грамадзтва ад гэбоўскай агентуры і карупцыянераў, сапраўдныя рэформы. На юбілейную сустрэчу зьехаліся сотні вэтэранаў “Змагарнай Салідарнасьці” з Польшчы і іншых краінаў, а а таксама госьці з Летувы, Нямеччыны, Чэхіі, Грузіі, Эстоніі, Украіны і Беларусі. Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскую Партыю — БНФ прадстаўлялі намесьнік старшыні Сяргей Папкоў і сакратар Управы Валеры Буйвал. На юбілейнай канфэрэнцыі яны распавялі пра барацьбу беларускага народу супраць расейскай агрэсіі, за вызваленьне ад прамаскоўскага рэжыму, за нашу культуру, мову і Дзяржаву.

На канфэрэнцыі выступілі таксама прадстаўнікі расейскага дысыдэнцкага руху (так званыя “русскіе демократы”) Ул. Букоўскі, А. Падрабінек, Н. Гарбанеўская. Усіх зьдзівіла іхная заява аб тым, што М. Хадаркоўскі (вядомы расейскі алігарх, пасаджаны Крамлём у турму) зьяўляецца “узьніком совесті” і “сымбалем барацьбы за дэмакратыю”. Калі Ул. Букоўскі заявіў, што выстаўляе сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі, але “перамагчы немагчыма дык трэба мабілізаваць грамадзтва...”, беларускія ўдзельнікі зразумелі, што недзе ўжо ўсё гэта чулі.

Беларусы спрабавалі патлумачыць “русскім демократам”, што паводле беларускага досьведу, яны такім чынам толькі забясьпечаць прыход выбаршчыкаў на выбарчыя ўчасткі, а галасы “па-свойму” палічыць пуцінскі рэжым. Але ўсім было зразумела, што пад “сьцягам Хадаркоўскага” дэмакраты Расеі ўсяроўна поўдуць знаёмым шляхам менскіх псэўдаапазыцыйных дзеячаў. На спэцыяльным пасяджэньні на тэму антыкамунізму з-за кулісаў на сцэне зьявіўся А. Мілінкевіч і ўсеўся побач з Букоўскім. Менскі “антыкамуніст” з лагоднай усьмешачкай “разьвенчваў” камунізм разам зь іншымі ўдзельнікамі дыскусіі. Беларусы спыталіся ў яго, чаму ж тады ён трымаў сваім намесьнікам і начальнікам выбарчага штабу камуністычнага генсека Калякіна? Мілінкевіч салодка ўсьміхнуўся і адпарыраваў: “Мы сабралі ў кааліцыю ўсе партыі пад адным лёзунгам “За праўду, дабро і справядлівасьць”. Пасьля гэтага польскія ўдзельнікі канфэрэнцыі зразумелі, што гэта за “антыкамуніст” такі з Менска, у якога “камуністы за праўду і справядлівасьць”. Такім чынам, стала зразумела канчаткова (тым, хто меў ілюзіі), што гэта за публіка — расейскія дэмакраты і Мілінкевіч. Акцёрская майстэрства гэтых асобаў ня здольнае прыхаваць іхную сапраўдную фальшывую чалавечую сутнасьць і праімпэрскую накіраванасьць ідэяў.

Удзельнікаў і гасьцей юбілейных мерапрыемстваў прыняў у прэзыдэнцкім палацы прзыдэнт Польшчы Лешэк Качыньскі. Героі нацыянальнай барацьбы за вызваленьне Польшы ад камунізму і расейскай імпэрыі былі ўзнагароджаны ордэнамі. Праз гады забыцьця была адноўлена гістарычная справядлівасьць.

Янка Базыль