“ЛІДАРЫ” І “ІНШЫЯ” Ў МАСКВЕ

Сёньня, як звачайна (і як заўсёды) прамаскоўская “апазыцыя” прыехала зь Менска ў Маскву. Сустракаліся з маскоўскімі “дэмакратамі” (маргінальная групка Нямцова), размаўлялі там з маскоўцамі як “дэмакратычна” лепш інтэграваць Беларусь у Расею. На сустрэчы (“канфэрэнцыі”) прысутнічаў цяпер ужо легальна вядомы рускі шпіён Суздальцаў (якога нават Лукашэнка дэпартаваў зь Беларусі за шпіёнскую дзейнасьць). Суздальцаў сказаў, што з боку беларускіх таварышаў гэта “абсалютна трапны палітычны крок”. “Зьяўленьне маніфэсту Сініцына — Парфяновіча (аб уваходжаньні Беларусі ў Расею — АМ) было першай прыкметай таго, — сказаў шпіён, што людзі зразумелі — зьявіўся вакуўм. Так што тут беларускія дэмакраты паступаюць абсалютна правільна”.

На сустрэчы зафіксаваны дзяжурныя імёны: былы міністар эканомікі ва ўрадзе Расеі Яўген Ясін, дэпутат Дзярждумы Ўладзімер Рыжкоў, палітолаг Сяргей Маркаў, партыйныя лідэры — Мікіта Бялых, Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін ды іншыя (Шкада, што “іншых” не назывыюць, бо і “ншыя” ды сарамлівыя там таксама ёсьць.)

Партыйныя лідары і “іншыя” прывезьлі на спатканьне нават аб'яднаўчую паперчыну зь Беларусі. На што шпіён Суздальцаў адзначыў, “што ўпершыню на такую сустрэчу зь Менску прывезьлі падрыхтаваны дакумант. Гэта канцэпцыя беларуска-расейскіх дачыненьняў, падрыхтаваная аб'яднанымі дэмакратычнымі сіламі. Дакумант распрацоўвалі Яраслаў Раманчук і Аляксандар Дабравольскі... Гэта канцэптуальны дакумант у справе беларуска-расейскай інтэграцыі,” — сказаў Суздальцаў.

“Палітоляг і аглядальнік” Валер Карбалевіч таксама ўдзельнічаў у сёньняшняй “канфэрэнцыі”, ён таксама пацьвердзіў працяг справы Аляксандра Рыгоравіча і, як заўсёды глыбокадумна заўважыў: “Паколькі на афіцыйным узроўні беларуска-расейскія дачыненьні зайшлі ў тупік, дык некаторыя палітычныя, грамадзкія сілы спрабуюць неяк вывесьці сітуацыю з тупіка.”

Заўтра ў Маскве адбудзецца падпісаньне дамовы паміж здраднікамі з АГП і маскоўцамі пра сталае супрацоўніцтва. Сустаршыня Палітрады “аб'яднаных дэмакратычных сілаў” Беларусі Анатоль Лябедзька так тлумачыць неабходнасьць маскоўскай імпрэзы:

“Натуральна, што аб'яднаным дэмсілам трэба весьці замежна-палітычную дзейнасьць ня толькі на Захадзе, але і на Ўсходзе. Трэба ж быць рэалістамі. Дыскусія атрымалася карысная. Было шмат мэдыяў, пяць тэлевізійных камэраў.”

Пяць тэлевізійных камэраў — гэта, канешне, вялікі прарыў у палітыцы, можна сказаць “грант-прарыў”, грантыёзны прарыў. Шкада толькі што не паказалі “іншых” здраднічкаў — яны ж таксама прарваліся.

Адам Мікша

(Паводле Радыё Свабода)

P. S. Калі хто па прывычцы ня можа паверыць у такую інфармацыю, запрашаем паглядзець старонку Радыё Свабода (панядзелак, 18 чэрвеня 2007, 16:14). Там ўсё напісана па ўсіх правілах паліткарэктнасьці, якой мы, прымаючы пад увагу мярзотнасьць інфармацыйнай зьявы, тут ня ўлічваем.