МАСКОЎСКІЯ АДКІДЫ НА ВЫСТАВЫ Ў БЕЛАРУСЬ
13 чэрвеня 2007 г. Партугальская газэта “Expresso” піша пра адкрыцьцё ў Парыжы выставы знакамітай партугальскай мастачкі Віэйры да Сілвы. Выстава прысьвечана 99-й гадавіне з дня нараджэньня класіка. З 1928 г. да канца жыцьця да Сілва жыла і працавала ў Парыжы.
Наш камэнтар: Можна сабе ўявіць, як урачыста будзе ў наступным годзе адзначацца 100-годдзе выдатнай мастачкі ў Партугаліі, Францыі і ў культурных цэнтрах партугальскай дыяспары па ўсім сьвеце. Дзе б ні жылі прадстаўнікі нацыянальнай культуры, народ справядліва лічыць іх сваімі дзеячамі, сваімі прадстаўнікамі ў сьвеце. Яны ня выключаны з кантэксту нацыянальнай культуры.
Антыбеларускі рэжым робіць якраз наадварот. Адна за адной праходзяць у Нацыянальным Мастацкім музэі выставы расейскіх артэфактаў. Апошнім часам рэжымная прапаганда надрываецца, зазываючы на выставу “ста шэдэўраў з Трацьцякоўскай галерэі”. Аказваецца, гэтыя карціны праляжалі нерухома на працягу 100-120 гадоў у запасьніках маскоўскай галерэі. Нядаўна скончылася рэстаўрацыя гэтых другасных і мала значных твораў расейскіх мастакоў. У Менску з падачы Масквы іх тэрмінова і манумэнтальна абвясьцілі “шэдэўрамі” і пачалі выстаўляць з помпай як “наше велікое наследіе”. У расейскім крымінальным бізнэсе такое называецца — “втюхать залежалый товар”. Увесь гэты балаган арганізаваны замест вяртаньня ў кантэкст беларускай культуры імёнаў і твораў выдатных беларускіх творцаў, якія ўславіліся ў Парыжы, Польшчы, Амэрыцы (дастаткова ўспомніць Хайма Суціна, Навума Габо, Уладзіслава Страмінскага...).
Валеры Буйвал