УСЁ, ЯК ЗАЎСЁДЫ
13 чэрвеня радыё Свабода зьмясьціла такую інфармацыю:
“12 чэрвеня ў сталіцы ЗША Вашынгтоне адкрылі мэмарыял, прысьвечаны ахвярам камунізму ва ўсім сьвеце. Амэрыканскі прэзыдэнт Джордж Буш, які якраз скончыў візыт у былыя камуністычныя краіны — Чэхію, Польшчу, Баўгарыю і Альбанію, узяў удзел у адкрыцьці мэмарыялу. У сваёй прамове Буш правёў паралелі паміж камунізмам і тэрарызмам.
Прэзыдэнт Буш у сваёй прамове сказаў, што камунізм адказны за сьмерць каля ста мільёнаў нявінных людзей у Савецкім Саюзе, Кітаі, іншых краінах Азіі, ва Ўсходняй Эўропе ды ў іншых рэгіёнах сьвету. Сярод іншага Буш казаў пра ўшанаваньне памяці мільёнаў ахвяраў, чые імёны назаўжды застануцца невядомымі:
“Сярод іх бязьвінныя ўкраінцы, якія памерлі ад голаду падчас сталінскага Галадамору, расейцы, якія загінулі ў сталінскіх чыстках, літоўцы, латышы і эстонцы, якіх грузілі ў вагоны для быдла і дэпартавалі ў паўночныя лягеры сьмерці савецкага камунізму”.
На самай справе пры адкрыцьці мэмарыялу нічога не было сказана пра Беларусь і беларусаў, якія бадай ці не найбольш пацярпелі ад камунізму, страцілі чвэрць насельніцтва, а з улікам Чарнобыля — яшчэ больш. Не ўспомнена нават пра Курапаты і разбудаваную расейска-сталінскую сістэму генацыду на Беларусі. На адкрыцьцё мэмарыялу ня быў нават запрошаны змагар з камунізмам Зянон Пазьняк — адкрыўца Курапатаў і бадай найбольш узьненавіжаны праз савецкіх камуністаў чалавек (які, дарэчы, якраз знаходзіцца ў Злучаных Штатах). Ёсьць над чым задумацца беларусам, каб зразумець чаму да іх і да іхных ахвяраў гэтак адносяцца ў сьвеце. Відаць пакуль беларусы ня вернуцца да свайго нацыянальнага гонару, ня створаць сваю нацыянальную сілу і ня стукнуць кулаком па стале ў сваёй хаце — ніхто іх паважаць ня будзе, хоцьбы іх палову выстралялі ў Курапатах. Пакуты ўзьвялічваюць моцных, але не слабых. Адносіны амэрыканцаў ускосным чынам гэта як бы і пацьвярджаюць.
-інфа-