СУСТРЭЛІСЯ “ФАРМАЛ” ЗЬ “НЕФАРМАЛАМ”

13 чэрвеня 2007 г. Французкая газэта “Le Figaro” паведамляе, што Пуцін асабіста ўручыў у Крамлі дзяржаўную (былую “ленініскую”) прэмію А. Салжаніцыну. Шэф назваў былога зэка “найвялікшым пісьменьнікам, который послужіл отечеству”. Нават французкая газэта пракамэнтавала падзею як “парадокс, але толькі зьнешні”. Сапраўды, усе памятаюць, як Салжаніцын пісаў быў: “Амэрыка акупіруе адну краіну за адной і атачае Расею”. Так што няма нічога дзіўнага, што такі дзеяч прымае прэмію з рук лубянца, які заявіў: “Развал СССР — гэта найвялікшая катастрофа ХХ стагоддзя”. Газэта згадвае таксама пра нюансы і дапускае сур'ёзную памылку, напісаўшы, што Салжаніцын, маўляў, выступіў некалі за свабоду Чачэніі. Такога, панове-мусью, не было ніколі.

Наш камэнтар: Маўчаў Салжаніцын, калі расейская цемра зьнішчала гераічную Чачэнію. “Не надо клеветать на велікорусского патріота...” Але сапраўды, няма ў апошняй крамлёўскай мізансцэне нічога парадаксальнага. Сустрэліся і падзяліліся між сабой прэміяй прадстаўнікі таго ж самага шавіністычнага шматмільённага кола. Толькі адін з іх — “нефармал”, а другі — “фармал”. І колькі б адзін не мардаваў другога ў ГУЛАГу і па эміграцыях, яны заўсёды знойдуць агульную мову і па-братэрску абдымуцца — абы існавала і мацнела іхная жудасная расейская імпэрыя.

Янка Базыль