ПАКУТЫ ДЗЯЦЕЙ Ў РАСЕІ

2 чэрвеня 2007 г. Румынская газэта “Evenimentul Zilei” паведамляе з Масквы. Там у міжнародны Дзень абароны дзяцей адбылася дэманстрацыя перад будынкам міністэрства аховы здароўя РФ. Некалькі дзесяткаў актывістаў міжнароднай экалягічнай арганізацыі “Грын-піс” маніфэставалі пад плякатам “Ратуйце дзяцей!” Яны пратэставалі супраць “нечалавечых умоваў утрыманьня дзяцей у дзіцячых дамах і прытулках Расеі”.

Наш камэнтар: Нават у расейскіх СМІ час ад часу прарываюцца страшныя зьвесткі пра зьдзек з дзяцей у так званых дзіцячых установах на шырокіх прасторах імпэрыі. Малым залепліваюць раты скочам, каб яны не турбавалі сваім крыкам абслугу. Дырэкцыя і супрацоўнікі раскрадаюць усё, што можна: чарчы, гуманітарную дапамогу, бялізну, вопратку. Рэгулярна здараюцца масавыя атручаньні дзяцей неякаснай ежай або з прычыны антысанітарыі і пьянства абслугі. Дзяцей эксплуатуюць на працах. Але акрамя гэтага, уражвае сама праблема ў дзяржаўным маштабе. Абсалютная большасьць пакінутых дзяцей — сацыяльныя сіраты (значыць, яны маюць бацькоў — алкаголікаў, крымінальнікаў, садыстаў і г.д.). Мільёны бацькоў пакінулі сваіх дзяцей або былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў праз суд. Дзеці Расеі — вобраз нацыянальнай катастрофы ў антычалавечай імпэрыі. Шалёныя нафтамільярды Крэмль, аднак, не зьбіраецца накіраваць на дапамогу дзецям. Ёсьць больш важныя задачы: захопліваць суседнія краіны, палохаць Захад ракетамі, утрымліваць лубянскія дывізіі і арміі.

Янка Базыль