БЕЛАРУСЫ АБАРАНЯЛІ НАРВЕГІЮ

2 чэрвеня 2007 г. Нарвэжская газэта “Nordlys” публікуе шэраг фотаздымкаў часоў Другой сусьветнай вайны. Гэта — кадры з прапагандысцкай дакумэнтальнай стужкі ведамства Гэбельса, якую нядаўна выпадкова знайшлі ў адным з нарвэжскіх архіваў. Фільм быў прысьвечаны “пераможнай выправе вэрмахта ў Нарвэгіі”. Немцы ўздымаюць на флагштоку сьцяг са свастыкай на фоне скалаў і фьёрдаў, бадзёра маршыруюць па сьнезе, “летят самолёты — прівет Мальчішу” і г.д. Гэтай публікацыяй газэта, аднак, нагадвае, што ў рэчаіснасьці ня ўсё атрымлівалася ў немцаў так весела і гладка ў дні бітвы за Нарвэгію ў красавіку-траўні 1940 г.

Наш камэнтар: Цікава, што распальваючы ў 1939 г. сусьветную вайну, Гітлер ня меў у плянах агрэсію супраць Нарвэгіі. Але заручыўшыся падтрымкай Масквы (Пакт Молатаў-Рыбэнтроп) і ўбачыўшы кволую рэакцыю заходніх дэмакратыяў (якія пачалі “дзіўную вайну” на нямецкай мяжы), агрэсар разахвоціўся і больш рашуча ўзяўся за распрацоўку праектаў бліц-крыгу. У студзені 1940 г. нямецкі генштаб атрымаў загад ад фюрэра на распрацоўку пляну інвазіі ў Нарвэгію. Аказалася, што ў берлінскім штабе не было нават падрабязных картаў гэтай краіны, мала хто наагул ведаў што-небудзь пра гэты далёкі край. На працягу лічаных дзён з нямецкіх кнігарняў зьніклі ўсе карты і турыстычныя выданьні, прысьвечаныя Нарвэгіі. Штаб пачаў падрыхтоўку апэрацыі. Гэбельс даў строгі загад СМІ, каб тыя аніводным словам не крытыкавалі нарвэжскі ўрад і яго палітыку, каб пісалі пра “мір і дружбу”.

Нягледзячы на папярэджаньні брытанцаў аб пагрозе намецкага нашэсьця нарвэжскае кіраўніцтва круціла хвастом і адмахвалася ад суровай праўды, спадзяючыся схавацца за фанэрнай шыльдай нэйтралітэту. Мы ўжо пісалі на старонцы pbpf.org аб тым, як справу абароны краіны ганебна правалілі міністры і генэралы, як у першыя дні гітлерскага нашэсьця радзіму ратавалі малодшыя афіцэры і жаўнеры, патрыёты, простыя людзі, якія не разгубіліся і адразу пачалі біць ворага. Больш за месяц працягваліся баі на тэрыторыі Нарвэгіі і ў моры каля яе берагоў у красавіку-траўні 1940 г.

У рамках гэтай тэмы адбыўся першы эпізод, які прадэманстраваў хваравітую самаўпэўненасьць і бездарнасьць Гітлера (такія эпізоды будуць потым каштаваць немцам мільёнаў ахвяраў). Пасьля захопу паўднёвай часткі краіны Гітлер загадаў зрабіць 400-кілёмэтровы лыжны кідок на Поўнач і захапіць ключавы горад-порт Нарвік. Генэралы схапіліся за галаву ад адчаю. Армію выратаваў ад немінучай гібелі Гэрынг. Ён прывёз у стаўку да Гітлера знаёмага прафэсара з Інсбрукскага ўнівэрсітэта. Гэты спэцыяліст па скандынаўскаму запаляр'ю патлумачыў фюрэру, што людзі на лыжах ня здолеюць дайсьці жывымі да мэты праз горы і сьнег у суровых умовах цэнтральнай Нарвэгіі. Немцы былі вымушаны адмовіцца ад авантурнага бліц-пляну. Заходнія хаўрусьнікі атрымалі, такім чынам, час дзеля перапраўкі войскаў у Нарвэгію.

У знакамітай бітве за Нарвік прынялі ўдзел таксама й беларусы, афіцэры і жаўнеры, мабілізаваныя з Заходняй Беларусі ў Польскае Войска і флёт. На іхную долю дасталіся цяжкія выпрабаваньні. Батальёны горных стралкоў Польскага Войска на подступах да Нарвіка сутыкнуліся з вялікімі нямецкімі сіламі і панесьлі цяжкія страты, апынуўшыся на адкрытай мясцовасьці (на камяністай глебе было практычна немагчыма акапацца). Але яны адышлі на зыходныя пазіцыі толькі пасьля таго, як атрымалі загад брытанскага камандваньня. Беларускія маракі загінулі таксама на двух невялікіх ваенных польскіх караблях, якія разбамбіла нямецкая авіяцыя ў бухце Нарвіка. Зьвесткі аб гераізьме беларусаў у гэтай бітве ўпершыню апублікаваў нядаўна ў сваёй чарговай кнізе малады беларускі гісторык Юры Грыбоўскі. Увесну 1945 г. тысячы беларусаў вызвалялі ад немцаў паўночную Нарвэгію (рэгіён Фінмарк) у складзе Чырвонай арміі. Зразумела, што на помніках і надмагільных стэлах ёсьць толькі гэрбы СССР і расейскія надпісы. Вызваленая ад акупанцкага рэжыму Беларуская дзяржава абавязкава ўшануе памяць нашых герояў. У чарговы раз паўторым, што наперадзе ў беларускіх гісторыкаў шмат працы.

Валеры Буйвал