МАЎР ВЫКАНАЎ СВАЮ ЗАДАЧУ
“Час” адзінага і ўсеагульнага дэмакрата А. Мілінкевіча аказаўся вельмі кароткі і скончыўся так жа рэзка, як і пачаўся. Да лета 2004 г. ніхто ў Беларусі і тым больш па-за яе межамі ня чулі пра гэтую асобу, ніколі не заўважаную ў палітычнай, патрыятычнай або якой яшчэ апазыцыйнай дзейнасьці. Гарадзенскі правінцыял, верны ленінец са стажам быў нечакана вынесены з невядомасьці ў цэнтар беларускай палітычнай арэны на фанэрным шчыце, які трымалі некалькі запісных гладыятараў з псэўдаапазыцыі. На працягу некалькіх месяцаў у выніку пацешных галасаваньняў у рэстаранах, на прыступках будынкаў і па лясах (у рамках імітацыйнай гульні “міліцэйскага перасьледу”) быў падрыхтаваны першы “кагрэс дэмсілаў”, які і прагаласаваў за “агульнага лідэра” гэтых “сілаў” А. Мілінкевіча.
Як ўсё пацешна пачалося, так пацешна і пайшло далей. Мілінкевіч удаваў лідэра, езьдзіў у Брусэль, Старзбург, Маскву, казаў: “у нас усё пад кантролем”. Упершыню вельмі выразна раскрылася ягоная падстаўная роля падчас пратэстаў у сакавіку 2006 г. Менавіта ён (і тыя, што побач зь ім) заклікаў тысячы патрыётаў разысьціся па дамах. А падчас кульмінацыі пратэстаў 25 сакавіка ён асабіста вывеў дзесяткі тысячаў людзей ад плошчы Кастуся Каліноўскага ў сумёты далей ад палаца дыктатара. Гэты ж фінт Мілінкевіч паўтарыў 25 сакавіка і 26 красавіка сёлета падчас пратэстных выступаў беларускай моладзі. Ягоным намесьнікам і начальнікам выбарчага штабу быў камуніст С. Калякін. Ды й уся кантора пад назовам “рада аб'яднанай апазыцыі” — суцэльныя бальшавікі, адстаўныя камсамольцы, прагматыкі-вінцучкі.
Беларускія патрыёты папярэджвалі моладзь і ўсё грамадзтва, што нельга давяраць гэтай публіцы, што трэба ад іх трымацца далей. Мы казалі: гэта — правакатары, папы-гапоны, агентурная задача якіх — завесьці ў тупік і кінуць пад удар беларускую модадзь. На жаль, многія не прыслухаліся да гэтых папярэджаньняў. Няўжо цяпер гэтыя людзі ня ўбачылі, што адбылося 26-27 траўня на чарговым “кангрэсе” у Менску?
У зале сабраліся “дэмакраты” розных відаў. Сьвятой нацыянальнай сымволіцы не знайшлося месца на гэтым “грантаўскім форуме”. Гэты факт адназначна дэманструе, што сабраная публіка і яе лідэры не зьяўляюцца беларускай нацыянальнай сілай, не прадстаўляюць Беларусь. Як і чакалася, Мілінкевіч нават не кандыдаваў на “лідэра”. Маўр выканаў сваю справу і пайшоў прэч. Колькі ж іх было, такіх “лідэраў: Домаш, Чыгір, Ганчарык і г.д. Мілінкевіч быў першым, хто своечасова зматаў вудачкі і выдаліўся з псэўдаапазыцыйнага трона. Калі раней залежныя і “незалежныя” СМІ падавалі папярэднія “кангрэсы” пад фанфары, як “падзеі гістарычнага значэньня”, то цяпер мы назіраем дзіўную рэакцыю. Газэты або падаюць сухую інфармацыю, або адкрыта кпяць з “кангрэса” і высьмейваюць новых “лідэраў” — цяпер іх чатыры і камандуе парадам бальшавік С. Калякін. Нават тэлеканал “Эўраньюс” (міжнародны канал на расейскія грошы) паведаміў у рэпартажы зь Менску: “Белорусская оппозіція пережівает крізіс...” і паказаў гутапэрчывага Мілінкевіча.
Чаму ўсё так? А таму, што менавіта гэта і было задачай псэўдаапазыцыі. Яны давялі да абсурду ўсе формы апазыцыйнай барацьбы, адмовіліся ад беларускай мовы, нацыянальнай сымволікі, цярпелі і хвалілі краіну, якая вядзе агрэсію супраць Беларусі — расейскую імпэрыю. Яны дурылі і блыталі людзей на працягу гадоў. Але маскоўскім імпэрыялістам не патрэбная нават такая “апазыцыя”, яны пазбаўляюцца нават ад фальшывага Мілінкевіча з ягонай усьмешачкай. Яны лічаць, што ім удалося рукамі гэтых грантаўскіх авантурнікаў канчаткова заблытаць змагарных беларусаў і маладое пакаленьне.
Не выпадкова, што ў апошнія тыдні зьявіліся новыя выпускі падмётнай газэткі пад назовам “Свабода”. Там цытуюцца выказваньні заўчорашніх палітычных пустышак кшталту прафэсара Хадыкі наконт таго, што “Зянон Пазьняк ізжыў сябе, скампрамэтаваў сябе” і г.д. Ужо дзесяць гадоў канторская публічка ўсё піша як Пазьняк “ізжыў сябе”. На працягу гадоў псэўдаапазыцыйная тусоўка разам з рэжымам спрабавала замаўчаць імя Зянона Пазьняка, зацерці патрыятычныя справы яго і ягоных паплечнікаў. Яны спадзяваліся, што народ забудзецца пра яго. Іхняя спроба, аднак, правалілася разам з правалам іхнай прамаскоўскай “оппозіціі”. І цяпер яны сутаргава імкнуцца ачарніць імя і справу Зянона Пазьняка. Але ня ўдасца! Не паслухмяныя грантаўскія спадарожнікі бальшавіка Калякіна і іжэ зь ім, а патрыёты Бацькаўшчыны начале з лідэрам Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” Зянонам Пазьняком будуць вызначаць накірунак беларусам дзеля перамогі над рэжымам і расейскім імпэрылізмам.
Юрка Марозаў