ІМІТАТАРЫ “ПАТУСАВАЛІСЯ”, ЗАКАПАЛІ МІЛІНКЕВІЧА І РАЗЫШЛІСЯ
У Менску скончылася камэдыя, дакладней, “кангрэс” імітатараў апазыцыйнай барацьбы. Лукашэнка дазволіў ім змагацца за ўладу (паміж сабой, вядома), выдзеліў залю. Гаварыць, уласна, няма пра што, спэктаклік даволі бяздарны. Ніжэй прыводзім вытрымкі з выказваньня палітолага Віталя Сіліцкага, які на радыё Свабода даў рэцэнзію на гэтае прадстаўленьне.
Сіліцкі: “Што тут сказаць... Увесь год пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ішла канкурэнцыя паміж лідэрамі паводле прынцыпу газонакасілкі: хто больш высоўваўся, таго і падразалі. А што тычыцца Кангрэсу дэмакратычных слабасьцяў, — даруйце, сілаў, — то відавочна, што ён склікаўся з адной мэтай: пераразьмеркаваць лідэрскія пазыцыі ўнутры апазыцыі. Проста для легітымізацыі гэтага Кангрэсу трэба было кіраўніцтву апазыцыі заявіць, куды рушыць, прадставіць штосьці незалежнаму грамадзтву, таму грамадзтву, якое выступае за дэмакратычныя перамены, але не заангажавана ў палітыку. Была прадстаўлена стратэгія чаканьня, я з гэтай ацэнкай згодны — а ведаеце, для таго, каб чакаць, не патрэбны ні Вячорка, ні Лябедзька, ні нават Мілінкевіч — тым больш не Калякін”.
Вось мы тут нешта абмяркоўваем, спрачаемся, а хто праз год нават узгадае пра гэта? Я ня бачу прадмета для размовы. На мой погляд зараз створаная сыстэма калектыўнай безадказнасьці, у якой і спытаць няма з каго. Палітычная апазыцыя жыве сама па сабе, незалежнае грамадзтва — само па сабе, інтэлектуалы — самі па сабе. Народ жыве сам па сабе. Так і будзе.
Няма агульных мэтаў. Сядзець і чакаць дыялёгу — гэта не агульная мэта. Можна сядзець і чакаць у кааліцыі, можна сядзець і чакаць разьяднанымі — гэта адно і тое ж”.
-Амэн-