“ЛУБЯНСКАЯ КАНТОРА Ў КРЫВАВАЙ ЯМЕ”

24 траўня 2007 г. Славацкая газэта “Novy Cas” цытуе Б. Беразоўскага. Найбольш вядомы ўцякач ад пуцінскага рэжыму заявіў у Лёндане: “Жыцьцё А. Лугавога ў небясьпецы, бо ён зашмат ведае...” Маецца на ўвазе “расейскі бізнэсовец” (як яго называе славацкая газэта), якога брытанскія ўлады афіцыйна абвінавацілі ў забойстве А. Ліцьвіненкі.

Наш камэнтар: Беразоўскі ведае, што кажа. Сам прайшоў маскоўскую школу жыцьця і дзейнасьці. Нагадаем, што падпалкоўнік ФСБ А. Ліцьвіненка ўцёк на Захад, калі атрымаў загад ад начальства забіць Беразоўскага ў Лёндане. Ён зразумеў, што будзе наступнай сьмяротнай ахвярай сваёй канторы, бо “зашмат ведае”. А вось гэбоўскаму афіцэру А. Лугавому (менавіта гэты “бізнэсовец” насыпаў атамнай атруты ў гарбату Ліцьвіненку) такой фантазіі не хапіла. Тым больш, што ён праваліў апэрацыю, апынуўся ў цэнтры міжнароднага скандалу. Даўно ўжо так маштабна ня ўвалівалася лубянская кантора ў крывавую яму, якую сама ж выкапала.

***

24 траўня 2007 г. Чэшская газэта “Pravo” піша пра выступ першага віцэ-прэм'ера Расеі Іванова. Гэты генэрал КГБ у цывільным паведаміў на прэс-канфэрэнцыі, што нядаўнія абвінавачваньні расейскага грамадзяніна А. Лугавога ў забойстве А. Ліцьвіненкі ня выклікаюць пагаршэньня расейска-брытанскіх адносінаў.

Наш камэнтар: Але нахабства! Крамлёўска-лубянская банда (“легальная ўлада Расеі”) наладзіла лакальную атамную вайну ў цэнтры Лёндана, зьнішчыла чалавека, які знаходзіўся пад аховай брытанскіх уладаў. Бандытаў схапілі за руку, даказалі, хто ў Крамлі быў заказчыкам і арганізатарам злачынства. А яны за гэта абяцаюць “не пагаршаць адносінаў з брытанцамі”.

Справа Ліцьвіненкі працягваецца. Ягоная ўдава (жыве ў Лёндане) падала на Пуціна ў Стразбурскі міжнародны суд, абвінавачваючы крамлёўскага начальніка ў забойстве ейнага мужа. Здавалася б, малы эпізод на фоне вялікіх драмаў сучаснасьці. Але адчуваецца, што ён можа азначаць “першы званок” — сігнал для крамлёўскай эліты на пазбаўленьне ад Пуціна (зразумела, што не дэмакратычным шляхам). Ды й будзе на каго сьпісаць усе крывавыя і жудасныя справы, каб “пачаць усё з чыстага аркуша”.

Юрка Марозаў