“ЗМАГАРЫ ЗА ВОЛЬНУЮ БЕЛАРУСЬ”
У апошнюю суботу траўня ў Таварыстве беларускай культуры ў Летуве адбылася чарговая імпрэза, прысьвечаная Івану і Лявону Луцкевічам. Іван Луцкевіч — неардынарная постаць у гісторыі Беларусі. Нарадзіўся ён у Шаўлях, вучыўся ў Лібаўскай і Менскай гімназіях, Маскоўскім археалагічным інстытуце, Пецярбургскім універсітэце, студыяваўся ў Вене, пасьля рэвавлюцыі 1905 гада перабраўся настала ў Вільню. Тут ён актыўна ўдзельнічае ў заснаваньні першых беларускіх газэт, выдавецтваў, навуковых таварыстваў, дзякуючы яму ў 1919 годзе пачала працаваць Віленская Беларуская гімназія, пазьней — беларускі музей імя Івана Луцкевіча, асновай экспанатаў стала яго прыватная калекцыя беларускіх старажытнасьцяў.
Ён паўплываў на творчасьць Я. Купалы, Я. Коласа, Зм. Бядулі, М. Гарэцкага, М. Багдановіча і іншых пісьменьнікаў, лёс і творчасьць якіх зьвязаны зь Вільняй.
Вясной гэтага года споўнілася 85 год з дня нараджэньня Лявона Луцкевіча — нашчадка роду Луцкевічаў. Ён нарадзіўся ў Вільні, скончыў знакамітую беларускую гімназію, выкладаў беларускую літаратуру ў Радашковічах, працаваў дырэктарам мастацкай школы ў Баранавічах. Ваеннае ліхалецьце яго закінула ў Прусію, Чэхаславаччыну, Польшчу. дзе і быў арыштаваны. Пакараньне адбываў на Калыме, вярнуўся ў родную яго сэрцу Вільню, пачаў зьбіраць матар'ял пра Івана і Антона Луцкевічаў, пра Базальянскія муры, "беларускую Вільню". Актыўна ўдзельнічаў у стварэньні ТБК, зьяўляўся яе сакратаром да апошніх дзён свайго жыцьця. Лявона Луцкевіча я ведала з канца 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя, карысталася яго прыватнай бібліятэкай, ад яго ўпершыню даведалася пра Паўліну Мядзёлку, Н. Арсеньеву, Б. Рагулю і іншых беларускіх дзеячоў, да яго прыходзіла з сваімі вучнямі, яго запрашала на сустрэчы ў беларускую школу ў Вільні, ён прыходзіў у школу, якую разам з сваім сябрам старшынёй ТБК Хведарам Нюнькам заснаваў, дзякуючы іх аўтарытэту ў літоўскім грамадстве пачала працаваць такая школа, кафедра беларусістыкі пры Віленскім педагагічным універсітэце.
Як было прыемна, калі мы з вучнямі вярталіся з чарговай вандроўкі па "беларускай Вільні" і яны ўбачылі Лявона Луцкевіча, усе хорам закрычалі: "Дзядзька Лявон ідзе!" Пісалі неяк сачыненьне "Цікавая сустрэча" і некалькі вучняў пісалі пра Лявона Луцкевіча, яно захавалася ў маім архіве. Гэта было ў сярэдзіне 90-х гадоў — самыя плённыя ў культурна-грамадскім жыцьці дзядзькі Лявона. Здавалася так і будзе працягвацца, 28 ліпеня 1997 года перастала біцца сэрца Лявона Луцкевіча. Пахавалі яго побач з помнікам Івану й Антону Луцкевічам на старажытных могілках Росы. Цяпер я туды прыходжу кожны год на Дзяды і на Радаўніцу, запальваю сьвечку і стаўлю бел-чырвона-белыя кветкі. Таварыства зьняло пра яго паховіны добры відыяфільм, які будзе паказаны на чарговай імпрэзе, прсьвечанай Лявону Луцкевічу, 28 ліпеня, калі будзе адзначацца дзесяцігодзьдзе з дня ягонай сьмерці. Ідэю вольнай і незалежнай Беларусі, якую праз усё жыцьцё пранёс Лявон Луцкевіч працягваюць яго сябры, прыхільнікі, моладзь, якая прыходзіць у ТБК.
Гэтым разам прысутныя на імпрэзе паглядзелі відыяфільм, зьняты таварыствам падчас адкрыцьця табліцы Пётру Сергіевічу ў траўні 1996 года, тады Лявон Луцкевіч шмат гаварыў пра мастака, якога ведаў зь сямі гадоў, і кватэра якога была цэнтрам беларускасьці на працягу дзесяцігодзьдзяў і якая, нажаль, не стала яго музеем. Так прыемна было пачуць жывы голас дзядзькі Лявона, успомніць тую гістарычную імпрэзу, а многія з прысутных яго ўбачылі ўпершыню: студэнты ЕГУ, беларускі студэнт, які вярнуўся з ЗША, а таксама намесьнік старшыні ТБК Хв. Нюнькі асьпірант Валера Місюк, які вёў мерапрыемства. Паведамленьне пра род Луцкевічаў падрыхтавала Л. Мілаш.
Наступным выступіў з дакладам аб палітычным становішчы на Беларусі студэнт ЕГУ, палітолаг Артур Юдзіцкі. Яго выступленьне выклікала шырокі рэзананс, шмат было пытаньняў да выступоўцы, прысутныя актыўна ўключыліся ў дыскусію, аўдыторыя добра падрыхтаваная па пытаньнях гісторыі і палітычнага становішча ў Беларусі, у тым ліку абмяркоўваўся і чарговы кангрэс дэмакратычных сілаў, які пачаў працу ў гэты дзень у Менску. Прысутнічалі журналісты літоўскіх газет і радыё. а таксама радыё "Палёнія".
Апошнім выступіў малады студэнт Андрусь Храпавіцкі, які два гады студыяваўся ў ЗША на журналіста, ён расказаў пра сябе, пра жыцьцё беларусаў у ЗША, да яго таксама было шмат пытаньняў і ў галіне журналістыкі, і па пытаньнях беларускай мовы і культуры ў сьвеце, як ведаюць Беларусь за акіянам. Андрусь Храпавіцкі ўпершыню наведаў Вільню, па запрашэньню старшыні ТБК, тут вучыцца ў ЕГУ ягоная дзяўчына Надзея Бабіч, якая першы раз прысутнічае на імпрэзах ТБК. Так кола чальцоў маладых ТБК пашыраецца, наладжваюцца кантакты, знаёмствы.
Па просьбе старшыні ТБМ імя ФР. Скарыны Юры Гіля сябры ТБК на чале з старшынёй 28 траўня паедуць у Сьвіраны ўпарадкаваць мемарыяльную сядзібу Францішка Багушэвіча, перадаць ад таварыства кнігі для Савічунскай бібліятэкі, якой днямі прысвоена імя Фр. Багушэвіча.
ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!
Леакадзія Мілаш, Вільня, 27 траўня 2007 год