“КАЛІНКА” І “РОЗАМУНДА”
18 траўня 2007 г. Нямецкая газэта “Die Welt” піша пра першы дзень саміту Эўразьвяз-Расея, што распачаўся ў Самары. Газэта падрабязна апісвае, як перад Пуціным, Мэркэль і старшынёй Эўракамісіі Барозу хоры і салісты сьпявалі “Розамунду” і “Калінку”, як гаспадар нечакана запрасіў гасьцей на параход і яны каталіся па Волзе. Вярнуўшыся ў гатэль, яны праводзілі перамовы. Пра што былі перамовы, нямецкая газэта напісала вельмі сьцісла — “невядома пра што”.
Наш камэнтар: Вясёлы Пуцін (учора ён “аб'яднаў цэрквы”) весяліў эўрачыноўнікаў. Сцэны з “Волжского утёса” нагадвалі, аднак, даўнія гістарычныя карцінкі: па хвалях Ніла плыве ў раскошным ветразьніку таямнічая Клеапатра, яе чакае на беразе рымлянін Антоні, ціха зьвіняць арфы... Плутарх і іншыя, аднак, паведамілі, як нявесела скончыліся для даўніх элітаў гулянкі і патаемныя спробы падзяліць сьвет і народы.
***
19 траўня 2007 г. Латвійская газэта “Diena” піша пра самарскі саміт, але ў больш драматычным ключы. Старшыня Эўракамісіі сказаў на беразе Волгі: “Мы заявілі расейскім партнёрам, што цяжкасьці адной краіны ЭЗ азначаюць цяжкасьці ўсяго Эўразьвязу”. Мелася на ўвазе перш за ўсё польскае мяса, якое не пускаюць у Расею, а таксама пагрозы і агрэсіўныя дзеяньні Масквы супраць Эстоніі і Летувы. Газэта нават напісала: “Гэта быў напружаны саміт”.
Наш камэнтар: Усе бачылі па тэлеканалах, як рэзка і расперазана паводзіў сябе перад эўраначальствам Пуцін. Ён добра даў ў косьці нямецкім журналістам, якія спыталі ў яго пра “русскую дэмакратыю”. Цікава было глядзець таксама на прысутных брусэльскіх бонзаў (асабліва на незабыўную Бэніту Фэрэру-Вальднэр). Яны, канешне, выдатныя акцёры. Але было заўважна, як трывожна і насьцярожана яны ўзіраліся ў лубянскага начальніка, які крыў Эўропу з трыбуны. Пэўна, яны хваляваліся за сваю блізкую будучыню. Яны на працягу гадоў абслугоўвалі “расейскую дэмакратыю” і атрымлівалі ад яе тлустыя ганарары. Урэшце апынуліся на кручку ў лубянскай канторы. Замест абяцанага імі мірнага суіснаваньня з Масквой, Эўропа ўваходзіць у паласу крызіса. З барозаў і бэнітаў цяпер могуць спытаць эўрапейскія палітыкі і народы: дык дзе абяцаная разрадка? А пад фанфары крызісу ў адносінах Масква раптам можа элегантна здаць сваіх брусэльскіх васалаў, як гэта зрабіў у свой час з менскай псэўдаапазыцыяй Ганс Вік. Саміт сапраўды аказаўся “напружаны”.
Юрка Марозаў