“ЯКОЕ ЎСЁ ЗНАЁМАЕ!”

18 траўня 2007 г. Французкая газэта “Le Monde” піша пра фэномэн “расейскай апазыцыі”. Былы дырэктар Цэнтральнага Банку Расеі Віктар Герашчанка заявіў, што ідзе ў апазыцыю і зьбіраецца кандыдаваць на прэзыдэнцкіх выбарах. Ён заклікае да стварэньня “агульнай плятформы шырокай апазыцыі”. Газэта апісвае таксама шэраг эпізодаў з разгонам “маршей несогласных” у розных гарадах, а таксама рэпрэсіі супраць маладзёнаў з лімонаўскай нацыянал-бальшавіцкай партыі. Аднаго на тры гадзіны закавалі ў кайданкі, другога адлічылі з правінцыйнага ўнівэрсітэта і г.д.

Наш камэнтар: Якое ўсё знаёмае! Ці не папрацаваў на прасторах Расеі незабыўны Ганс Вік, стваральнік “аб'яднанай апазыцыі” у Беларусі? Почырк той жа самы, дакладнае паўтарэньне тых жа прыёмчыкаў. Адстаўны маскоўскі Чыгір-Ганчарык шуміць пра “шырокую апазыцыю” (зразумела, што за яго ня будуць галасаваць надураныя банкамі расейцы — ён проста пракладае дарогу для элегантнай перамогі Пуціна). “Марші несогласных” — гэта рымская копія грэцкага арыгінала, зьлепак з пустых “маршей свободы” і “за лучшую жізнь”, што праводзіла ў Менску падстаўная грантаўская “аб'яднаная апазыцыя”. Замест сапраўднага маладзёвага антыімпэрскага і антыгэбоўскага супраціву ў Расеі паўсюль буяе шумавіньне: рэклямуюць герояў-лімонаўцаў у кайданках. У каторы раз подлыя прыемы псэўдаапазыцыі, адпрацаваныя ў Беларусі, пераносяцца на расейскую палітычную глебу.

***

20 траўня 2007 г. Румынская газэта “Adevarul” піша пра чарговы подзьвіг дзяржынцаў. У Піцеры доблесные органы злавілі трох тэрарыстаў, які рыхтавалі забойства мясцовага мэра Валянціны Мацьвіенкі (газэта называе яе “магутнай дамай расейскай улады”).

Наш камэнтар: А беларусам успамінаецца яшчэ адна “магутная ледзі” — Тамара Віньнікава. У апошнія дні 1999 г. Пуцін падпісаў з Лукашэнкам “союзный договор” пра зьнішчэньне Беларускай дзяржавы. А каб ніхто не заўважыў гэтай падзеі, славные органы пракруцілі галаваломную апэрацыю. “Палітзэчка” з менскай турмы КГБ Віньнікава раптам усплыла ў Лёндане і пачала распавядаць пра “зверствы рэжыму” (праўда так, што ніхто нічога не зразумеў). А ў Расеі пачынаецца перадвыбарчы пэрыяд, які заўсёды патрабуе бадзёрасьці ад насельніцтва. У Маскве злавілі і катавалі на Лубянцы двух чачэнскіх студэнтаў, у якіх нібыта знайшлі бомбы. У Піцербурзе “абясшкодзілі” кілераў, якія капалі пад Мацьвіенку (якая нікому не патрэбная). У Чачэніі штотыдзень лубянцы знаходзяць падпольныя склады зброі. Працягваецца нагнятаньне сітуацыі перад трэцім тэрмінам “спасітеля отечества”.

Валеры Буйвал