НА МАГІЛЕ ВЯЛІКАГА БЕЛАРУСА ПАСТАЎЛЕНЫ ПОМНІК

19 траўня сямья, сябры і паплечнікі Уладзімера Плешчанкі (1948-2006) сабраліся ў ягонай роднай вёсцы Вароны Віцебскага раёна. Прамінуў год, як пайшоў з жыцьця вялікі патрыёт Беларусі, кіраўнік Віцебскай арганізацыі Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Грамада пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі прышла на могілкі ў вёсцы Друкава да магілы Уладзімера Плешчанкі. Быў урачыста адкрыты надмагільны помнік, створаны на ахвяраваньні многіх людзей з усяе Беларусі. На пліце — партрэт сп. Плешчанкі, а таксама выявы Крыжа і гэрба Пагоня. На надмагільнай пліце дэвіз, у якім увасоблены сэнс ягонага гераічнага жыцьця — “Не для сябе, а для Радзімы”. Людзі выказалі падзяку аўтару праекта помніка скульптару Яну Таўпыгу, цяперашняму кіраўніку Віцебскай арганізацыі Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ.

Было зачытана слова аб Уладзімеры Плешчанку сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, — “Слава змагару за Беларусь!” (публікуецца). З успамінамі аб патрыёце выступілі ягоныя паплечнікі па Фронту і Партыі: выканаўца абавязкаў Старшыні Фронту і Партыі на Беларусі сп. Юры Беленькі, сакратары Управы Алесь Чахольскі і Валеры Буйвал, ягоныя зямлякі і сябры. Усе гаварылі пра мужнасьць, мудрасьць і чалавечнасьць вялікага беларуса. Ягоная памяць вечна будзе жыць у нашых сэрцах. Ягоны прыклад натхняе нас у барацьбе за вызваленьне Айчыны.

Інфармацыйная КамісіяКансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ