ДЗЕНЬ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ НАРВЭГІІ

17 траўня 2007 г. Нарвэжская газэта “Aftenposten” публікуе вялікую праграму ўрачыстасьцяў, прысьвечаных Дню Волі — дзяржаўнаму сьвяту Нарвэгіі. У сталіцы і па ўсёй краіне адбудуцца маніфэстацыі і парады, канцэрты і народныя сьвяты, урачыстыя багаслужбы ў храмах. На магілах выдатных дзеячаў культуры, навукі, дзяржавы і герояў войнаў будуць ускладзены кветкі і вянкі. Галоўным штогадовым мерапрыемствам нацыянальнага сьвята будзе традыцыйны парад дзяцей перад каралёўскім палацам у Осла. Над краінай залунае безьліч нацыянальных нарвэжскіх сьцягоў.

Наш камэнтар: 17 траўня 1814 года прадстаўнікі ўсіх станаў нарвэжскага грамадзтва сабраліся ў мястэчку Эйдсволь каля Осла, прынялі Канстытуцыю краіны і абвясьцілі дзяржаўную незалежнасьць Нарвэгіі. Яны не пагадзіліся з рашэньнем Венскага кангрэса манархіяў, якія перамаглі напалеёнаўскую Францыю. Дзяржавы-пераможцы расплаціліся са Швэцыяй за ваенную дапамогу, перадаўшы ёй Нарвэгію (якая з 14-га стагоддзя належала дацкай кароне). Яны не спыталіся ў нарвэжцаў іхняй думкі пра ўласны нацыянальны лёс. Народ не пагадзіўся з маніпуляцыяй тадышніх “эўрапалітыкаў”. Тады Швэцыя прад'явіла Нарвэгіі ўльтыматум і 26 ліпеня 1814 г. пачала ваенную агрэсію супраць непакорлівай краіны.

Пасьля першых няўдачаў нарвэжская армія арганізавала ўдалы контрнаступ каля Мідскога і абаронныя апэрацыі на лініі Лір. Ужо 5 жніўня швэдская армія генэрала Гана ледзь вырвалася з катла і зь вялікімі стратамі вярнулася на тэрыторыю Швэцыі. Нарвэжцы зьнішчылі масты на рэках, блізкіх да мяжы, і ўдала адбівалі атакі галоўных сілаў швэдаў. Аднак справу незалежнасьці правалілі ослаўскія начальнікі — мясцовыя мілінкевічы-вінцучкі ў парыках. Ужо 14 жніўня яны пагадзіліся на замірэньне і пачатак перамоваў з агрэсарамі. Гутаперчавыя балбатуны і пазёры напалохаліся адказнасьці і пайшлі на здрадніцкую змову. Яны пагадзіліся на “вунію” са Швэцыяй (так тады называлася “інтэграцыя” з агрэсіяй) і на дзесяцігоддзі аддалі свой народ у залежнасьць. Толькі ў 1905 годзе нарвэжцы здолелі аднавіць сваю незалежную дзяржаву, што было першым знакам новай эпохі нацыянальнага вызваленьня ў ХХ стагоддзі. Але гэтага Нарвэгія дасягнула дзякуючы сапраўдным і рашучым нацыянальным лідэрам.

Валеры Буйвал