“ШАЛЁНЫЯ ГРОШЫ ВЫЗНАЧАЮЦЬ ШАЛЁНЫЯ ПАВОДЗІНЫ”

15 траўня 2007 г. Нямецкая газэта “Franfurter Allgemeine Zeitung” паведамляе пра пагрозу зрыву саміту Эўразьвязу і Расеі, які павінен адбыцца 18 траўня ў Самары. Тамака мяркуецца ўрэшце падпісаць пагадненьне Эўразьвяз — Расея аб супрацоўнцтве. У Маскву тэрмінова выязджае міністар замежных справаў Нямеччыны (цяпер старшынюе ў ЭЗ) Штайнмаер, каб сустрэцца з Лаўровым і Пуціным і залагодзіць канфліктную сітуацыю. Справа ў тым, што Польшча, Летува і Эстонія прыгразілі сваім вэто на заключэньне пагадненьня ў сувязі з забаронай Расеі гандлю іхнымі таварамі і іншымі захадамі эканамічнага і палітычнага ціску, якія робіць Масква супраць незалежных краінаў. Бо Эўразьвяз рэальна не стаў абараняць інтарэсы ўсходняй Эўропы.

Наш камэнтар: Памятаем, што згаданыя краіны ўжо сарвалі летась падпісаньне такога пагадненьня. Атрымаўшы тую лекцыю, Расея, аднак, не зьмяніла сваёй агрэсіўнай палітыкі супраць сваіх былых калёній. Вось і вымушаны з Берліна высылаць у Маскву “пажарнага фюрэра”, які паспрабуе залагодзіць канфлікт, каб не давесьці саміт да ганебнага правалу на сьмех усяе Эўропе. Мітусяцца нямецкія міністры, круцяцца каля крамлёўскага мура, спрабуюць разам з маскоўскімі начальнікамі абуць эўрапейскія краіны ў лапці (ды яшчэ так, каб гэтага ніхто не заўважыў). А Масква куражыцца, нахабнічае. Крамлю ў прынцыпе зусім ня важна, ці будзе заключана гэтае пагадненьне. Шалёныя грошы ад нафта-газавай манаполіі і незаконнага гандлю зброяй (сярод іншага праз “беларускі калідор”) вызначаюць шалёныя паводзіны Крамля. У сувязі з кампаніяй за незаконны трэці прэзыдэнцкі тэрмін Пуціна крамлёўскаму рэжыму якраз выгадна канфрантацыя і размовы на павышаных танах з Захадам. Так што і правакацыя у Эстоніі невыпадковая.

Янка Базыль