КРАМЛЁЎСКАЯ ІМПЭРСКАЯ ПАЛІТЫКА Ў АЗІІ
Пуцін арганізаў для сябе трыюмфальнае шэсьце па Цэнтральнай Азіі. 12 траўня, у адзін дзень з кракаўскім самітам прэзыдэнтаў Польшчы, Летувы, Грузіі, Азэрбайджану і Украіны ён арганізаваў свой саміт з Назарбаевым і Бэрдымухамэдавым у Туркмэністане. І вымусіў іх прыняць умовы Масквы, а не партнёраў незалежных постсавецкіх краінаў. Энэрганосьбіты з Цэнтральнай Азіі пацякуць цяпер па трубах праз тэрыторыю Расеі, а не ў абыход яе, як хацелі ў Кракаве. Але лубянскі крамлёвец не забыўся таксама й пра імпэрскае “культуртэгерства”. Ён заявіў перад намэнклятурай і кіраўнікамі гэтых азіяцкіх краінаў, якія сабраліся ў адным з пампезных палацаў: “Русский язык является хранителем целого пласта современных знаний”.
Народы і інтэлігенцыя постсавецкіх краінаў добра ведае, што гэта за “пласты”. Дагэтуль яны ня могуць да канца адшараваць свае аўгіевы стайні ад імпэрскага сьмецьця. Расейшчына на працягу стагоддзяў была мовай прыгнятальнікаў, “охранкі” і НКВД, растрэльшчыкаў і асаднікаў, дэмагогаў і зьніштажальнікаў нацыянальных культураў. Зьнішчыўшы нацыянальныя эліты, Масква забараніла друкаваць у паўнавартасным аб'ёме кнігі і падручнікі на нацыянальных мовах, брутальна зарыентавала народы на акупанцкую мову. Урэшце сістэма абрынулася з першым пэрядам распаду імпэрыі. Але заўсёды, калі Масква дзе-небудзь дасягае хаця б мінімальных посьпехаў у справе рэваншу, пачынаецца аднаўленьне гнілых і абрыдлых “пластоў”.
Юрка Марозаў