АЗІЯЦКАЯ ПАЛІТЫКА МАСКВЫ
12 траўня 2007 г. Французкая газэта “Liberation” паведамляе з Узбэкістану. Узбэцкі дыктатарскі рэжым спрабуе зьмякчыць Эўразьвяз, каб Эўропа адмяніла санкцыі, уведзеныя два гады таму. Маюцца на ўвазе забарона выезду на Захад 10 міністрам і самога прэзыдэнта Карымава, забарона на продаж зброі ва Узбэкістан і яшчэ менш значныя забароны. Карымаў “пачаў выпраўляцца”. Арганізаваў у Ташкенце канфэрэнцыю па правах чалавека і сьвяткаваньні Міжнароднага дня свабоды прэсы. Рэжым прыняў новы закон аб пашырэньні ролі апазыцыйных партыяў у палітыцы. Антыдыктатарская апазыцыя называе ўсё гэта “пусканьнем пылу ў вочы”. Публікацыя прысьвечана ўгодкам народных выступаў у горадзе Андыжане. 13 траўня 2005 г. узбэцкія спэцслужбы і войскі растралялі там дэманстрантаў, загінула ад 500 да 1000 асобаў.
Наш камэнтар: Карымаўскія ўлады з самага пачатку хавалі праўду пра андыжанскую трагедыю. Але з часам міжнароднае грамадзтва атрымала шмат зьвестак пра крывавыя падзеі. Сігнал для пачатку бунта быў дадзены з Масквы. Гэбоўская агентура пачала пагромы ў Андыжане, да яе далучыліся крымінальнікі, была захоплена мясцовая турма і вызвалены крымінальныя вязьні. Гэта паслужыла прэтэкстам для ўладаў дзеля жорсткага падаўленьня выступаў, якія перарасьлі ў народныя пратэсты мірнага насельніцтва, што патрабавала працы, хлеба, спыненьня карупцыі. Гэбэшнікі і крымінальнікі разьбегліся, а кулі дасталіся мірным дэманстрантам. Такім чынам Масква нагадала Ісламу Карымаву, “кто в Ташкенте хозяін”. Ужо праз некалькі тыдняў Карымаў быў “на дыване” у Пуціна ў Крамлі. Той выпускаў перад узбэцкім васалам свайго чорнага сабаку, паводзіў сябе падкрэсьлена нахабна і зьняважліва. У выніку Узбэкістан апэратыўна вярнуўся ў фарватэр маскоўскай імпэрскай палітыкі. З тэрыторыі краіны былі выведзены амэрыканскія вайсковыя базы, іх замянілі на расейскую ваенную прысутнасьць. Зноў вярнулі расейшчыну ва ўзбэцкія школы. Пахаваўшы забітых у Андыжане, Карымаў паводзіў сабе з тае пары ціхенька і пакорліва ў адносінах да Масквы.
Янка Базыль