ПРАПАГАНДЫСЦКІЯ ПАРАДЫ
10 траўня 2007 г. Швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” апісвае “парад победы” у Маскве. На Краснай плошчы сшыхтаваліся 7 тысячаў вайскоўцаў і слухалі прамову Пуціна. Той расказаў пра “вялікі савецкі народ і перамогі”. Уважлівы швайцарац адзначыў, што крамлёўскі начальнік не згадаў пра жудасны лёс савецкіх ваеннапалонных, якіх пасьля вызваленьня з нямецкіх канцлягяроў накіравалі ў ГУЛАГ. А таксама пра акупацыю саветамі блатыйскіх краінаў і Цэнтральнай Эўропы.
Наш камэнтар: Швайцарца гэта зьдзіўляе, а нас не зьдзіўляе даўно. Яшчэ з савецкіх часоў разгром фашызма быў адзіным козырам маскоўскай прапаганды ў рамках тэмы “правільності нашего путі”. Пра зьдзек маскоўскага фашызму з мільёнаў “врагов народа” (як Масква вызначыла ўсіх палонных і вязьняў нямецкай няволі), пра акупацыю чырвоным фашызмам краінаў, што хацелі жыць вольна і незалежна — пра ўсё гэта маўчала крамлёўская гэбельсаўшчына. У канцы 1980-х гадоў урэшце прагучалі жудасныя сьведчаньні пра гэта. Але ў хуткім часе разам з узмацненьнем гебізму ў Маскве тэму засакрэцілі зноў. Найбольш макабрычным з усяго апошняга “парада пабеды” было сьпяваньне хорам усім парадам гімну СССР. А ў Менску на “проспекте победітелей” віселі нават выявы Сталіна. У нас давялося б тлумачыць швайцарцу, у гонар якіх “победітелей” называецца былая Паркавая магістраль.
Юрка Марозаў